10 лістапада 2023
Уладзімір Цярэнцьеў: "Удзельнічаючы ў працы грамадскіх аб'яднанняў, людзі галасуюць за будучыню краіны"
Падчас дыялогавай пляцоўкі абмяркоўваліся змены ў выбарчай кампаніі і палітычным жыцці краіны. Але найперш Уладзімір Цярэнцьеў падкрэсліў важнасць працы прадпрыемства. Паштовая служба, зазначыў ён, ва ўсе часы мела вялікае значэнне. А сёння яна адыгрывае асаблівую ролю для сельскага насельніцтва, несучы вялізную сацыяльную нагрузку. За гэта кіраўнік абласнога дэпутацкага корпуса шчыра падзякаваў усяму калектыву і кіраўніцтву філіяла.
Потым ён закрануў тэму маючых адбыцца выбараў, звярнуўшы ўвагу на асаблівасці гэтай электаральнай кампаніі. У іх ліку - адзіны дзень галасавання, а таксама змяншэнне колькасці дэпутатаў ад сельсаветаў. Уладзімір Цярэнцьеў патлумачыў, чаму неабходна прыйсці на выбарчы ўчастак і выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Законапраекты, над якімі трэба будзе працаваць народным абраннікам, паўплываюць на жыццё грамадства і будучыню краіны. Так што заўтра будзе залежаць ад рашэнняў, прынятых кожным з нас.
- Наша задача - выбраць лепшых , - сказаў Уладзімір Цярэнцьеў. І дадаў, што важна прагаласаваць не за папулістаў, а за тых, хто зыходзіць з інтарэсаў дзяржавы і яе грамадзян.
Увага была ўдзелена таксама дзейнасці палітычных партый і грамадскіх арганізацый у Беларусі. Патрабаванні да першых зараз змяніліся. Неабходнасць прайсці перарэгістрацыю з улікам пэўнага парога колькасці дасць магчымасць адсеяць тыя структуры, якія ўжо не аб'ядноўваюць людзей, а ператварыліся ў вузкае кола палітыкаў, якія выказваюць свае ўласныя погляды, растлумачыў старшыня абласнога Савета дэпутатаў. На сённяшні дзень на нашай палітычнай арэне афіцыйна існуюць толькі чатыры партыі, у тым ліку створаная сёлета «Белая Русь». І ўсе яны, нягледзячы на некаторыя разыходжанні ў праграмах, накіраваны на развіццё краіны.