Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
18 чэрвеня 2024

У сярэдніх школах Докшыцкага раёна прайшлі выпускныя вечары

На гарадскіх і вясковых вуліцах у святочных шэсцях прайшлі выпускнікі. Як заведзена, з музыкай, кветкамі, рознакаляровымі паветранымі шарамі, у прыгожых уборах і ў суправаджэнні любімых педагогаў і бацькоў. Падобныя мерапрыемствы – сімвалічнае развітанне маладых людзей са школай і дзяцінствам. Падтрымаць іх выйшлі на вуліцы землякі – гараджане і вяскоўцы.

Па традыцыі выпускнікі ўсклалі кветкі да памятных месцаў, наведалі храмы, станцавалі развітальныя вальсы. А самае галоўнае – атрымалі атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі. У выпускных прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовай улады, настаўнікі, бацькі, бабулі, дзядулі і сябры віноўнікаў урачыстасці.

Карэспандэнты “РВ” пабывалі на цырымоніі ў СШ № 1 г. Докшыцы, дзе выпускаліся 24 адзінаццацікласнікі. На свяце прысутнічалі ганаровыя госці: дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Докшыцкай выбарчай акрузе Анатолій Сіўко, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Дзмітрый Парцянка, галоўныя спецыялісты галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Валянціна Аляксеева і Таццяна Ульянава.

Дэпутат з цеплынёй звярнуўся да навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў:

– Дарагія выпускнікі! Вы – новае пакаленне, якому ў хуткім часе трэба будзе ўзяць на сябе адказнасць за лёс раёна і краіны, далейшае развіццё і росквіт Беларусі. Упэўнены, што ваш малады запал, энергія, смеласць дапамогуць справіцца з любымі задачамі. Асобны дзякуй педагогам, якія перадавалі вучням веды і вопыт, дарылі цяпло сваіх сэрцаў. Няхай вашы сілы не канчаюцца, будзе моцным здароўе і святочным настрой. Бацькам жадаю цярпення і як мага больш падстаў для радасці і гонару за сваіх дзяцей.

Дырэктар школы Іван Шкелка ўручыў вучням атэстаты сталасці, а бацькам – падзячныя пісьмы. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Вольга Сясіцкая перадала выпускнікам падзякі за актыўны ўдзел у мерапрыемствах ГА “БРСМ” і рэкамендацыі да паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы.

Шмат шчырых пажаданняў прагучала гэтым вечарам у адрас выпускнікоў. Пранікнёнымі былі выступленні першай настаўніцы Валянціны Бугаевіч, класнага кіраўніка Марыны Казлоўскай, вучняў пачатковых класаў. Ад імя бацькоў павіншаваў дзяцей Яўгеній Мацкевіч.

А ў адказ адзінаццацікласнікі прадставілі цудоўную праграму з музычнымі нумарамі і прызнаннямі ў любові да роднай школы, удзячнасцю за веды і дабрыню. Здавалася б, калі толькі ўспелі так дыхтоўна падрыхтавацца ў чарадзе важных вучэбных спраў? Але вядома ж, маладыя. І сапраўды хочацца верыць, што ім з лёгкасцю скарацца і новыя дарогі.

Ніна КРУКОВІЧ.
Фота аўтара і Вячаслава ЧАРВІНСКАГА.

Крынiца: dokshitsy.by