У Докшыцкім раёне прайшла пазачарговая трэцяя сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць дзявятага склікання. Зацверджана кандыдатура новага старшыні райвыканкама Сяргея Абірала
У працы сесіі прынялі ўдзел старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Субоцін, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Сіўко, начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама Уладзімір Давыдоўскі.
Дэпутаты прагаласавалі за Сяргея Абірала аднагалосна. Уручаючы яму службовае пасведчанне, Аляксандр Субоцін выказаў надзею, што новы кіраўнік райвыканкама паспяхова справіцца з пастаўленымі задачамі. Разам з тым Аляксандр Міхайлавіч падзякаваў за працу папярэдняму старшыні Алегу Анатольевічу Кавалёнку, адзначыў дасягненні раёна пад яго кіраўніцтвам і ўручыў Ганаровую грамату аблвыканкама.
Старшыня Докшыцкага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч таксама падзякавала Алегу Кавалёнку за сумесную плённую дзейнасць і ўручыла яму Ганаровую грамату.