Паслядоўнікі "ЧВК Рэдан" выйшлі на незаконную масавую акцыю ў Гомелі, але іх затрымалі
Раней «Гомельская праўда» пісала аб рызыцы, звязанай з новым рухам. Нагадаем, «ЧВК Рэдан» - не прыватная ваенная кампанія, як можна падумаць з-за назвы, а моладзевая супольнасць са сваімі адметнымі рысамі. Падлеткі-нефармалы змагаюцца з людзьмі, якія лічаць іх знешні выгляд няправільным. Напрыклад, з футбольнымі фанатамі. На гэтай глебе адбываюцца канфлікты. Падобную сітуацыю ўдалося прадухіліць 28 лютага ў Гомелі.
Што адбылося?
Падчас маніторынгу сацыяльных сетак і месэнджараў праваахоўнікам стала вядома, што ўдзельнікі субкультуры "ЧВК Рэдан" праводзяць сустрэчу. Была рызыка ўзнікнення масавай бойкі з хлопцамі супрацьлеглых поглядаў. Раней такія здарэнні былі ў Расіі, ва Украіне і ў іншых краінах. Месцам падзей звычайна станавіліся буйныя гандлёвыя цэнтры.
- У інтэрнэце гучалі заклікі сабрацца 28 лютага а 18 гадзіне ў адным з ГЦ Гомеля для здзяйснення групавых супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да іншай моладзевай субкультуры. Супрацоўнікі органаў унутраных спраў правялі прафілактычныя і папераджальныя мерапрыемствы. У выніку затрымалі каля 200 чалавек, - распавёў журналістам начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС аблвыканкама Андрэй Майсейкаў.
Тэлеграм-канал "МУС Беларусі" пісаў, што ў дачыненні да затрыманых праводзіцца праверка. Падлеткі да 16-ці гадоў атрымаюць папярэджанні з пастаноўкай на "ўлік" у інспекцыі па справах непаўналетніх. Таксама ўстанаўліваюцца асобы, якія маюць дачыненне да арганізацыі незаконнай масавай акцыі. Разглядаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы.
Што казалі затрыманыя
– Я паінфармаваў сваю групу, дзе збіраюцца ЧВКашнікі (“ЧВК Рэдан” – заўв. аўтара ), каб збіць офнікаў (хлопцаў іншай субкультуры, якія любяць пабіцца і шукаюць для гэтага найменшую нагоду – заўв. аўтара ). Проста знайшоў іх тэлеграм-канал і сачыў за паведамленнямі, перасылаў сваім. У маім канале стаіць 180 чалавек, з іх сабраліся максімум 20. Калі прыбыў, убачыў на месцы шмат затрыманых. Трапіўся і я, - распавёў 15-гадовы гамяльчанін Дзмітрый.
У якасці падставы для збору ён назваў раскрутку сваіх тэлеграм-канала і акаўнта ў Інстаграме.
- Цяпер разумею: ніколі падобнага не варта рабіць. Лепш здымаць нешта адэкватнае для таго ж ЦікТока, - дадаў Дзмітрый.
16-гадовая Марына адзначыла, што знайшла тэлеграм-канал "ЧВК Рэдан". Спісалася з сяброўкай.
- Вырашылі паехаць у ГЦ паглядзець, таму што нам было цікава. Павінна была здарыцца бойка. Нас затрымаў ахоўнік гандлёвага цэнтра і перадаў супрацоўнікам АМАПа, - падзялілася Марына. - Я разумею, што была няправая. Маме проста сказала, што еду ў цэнтр. Без падрабязнасьцяў. Дарма падпісалася на канал і зацікавілася масавай бойкай, паехала назіраць. Раскайваюся. Лепш гэтак не рабіць. Раней чытала навіны аб падобных выпадках. У Расіі гэта скончылася забойствам, у Казахстане - моцнымі збіваннямі. Гэта жорстка, але згуляў благую цікавасць. Цяпер аб гэтым моцна шкадую.
Як быць бацькам?
Праваахоўнікі заклікаюць звяртаць увагу на захапленні дзяцей, цікавіцца іх жыццём, кантраляваць, з кім яны маюць зносіны, у тым ліку ў інтэрнеце. Таксама раяць падпісацца на старонкі хлопцаў у сацыяльных сетках, каб бачыць кола віртуальных знаёмых. Дзіця не павінна стаць ахвярай злачынства або апынуцца ўцягнутым у супрацьпраўныя дзеянні. Супрацоўнікі міліцыі праводзяць пастаянны маніторынг інтэрнет-рэсурсаў дэструктыўнай накіраванасці.