Меню
Одно окно
Обращения граждан и юридических лиц
Вопрос - ответ
Аукционы
Общественные обсуждения
Единый день информирования
Председатель Докшицкого районного исполнительного комитета
Дорогие друзья! Мы рады приветствовать всех, кто посетил официальный сайт Докшицкого районного исполнительного комитета...
Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00
19 октября 2026
“Дажынкі-2026”: высокими наградами отмечены труженики полей из Докшицкого района
Сёлета галоўнае свята аграрыяў, што прайшло ў Міёрах, адзначыла сваё 30-годдзе. А для працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна ўрачыстасць прайшла пад дэвізам “Ведай нашых!”: цэлае суквецце высокіх узнагарод у докшыцкіх працаўнікоў палёў!
Двайная радасць: сімвалічны дажыначны сноп на галоўнай сцэне свята старшыня Міёрскага райвыканкама Аляксандр Ярахновіч пад авацыі гледачоў урачыста перадаў кіраўніку нашага раёна Сяргею Абіралу.
Цэнтр урачыстасці – галоўная сцэна каля Дома культуры. Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь зачытаў старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Сергяенка. Адзначана, што ўклад аграрнага сектара Віцебскай вобласці у рэспубліканскі каравай склаў амаль мільён тон збожжа. Нельга не ганарыцца тым, што Докшыцкі раён у абласным спаборніцтве сярод раёнаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур заняў трэцяе месца, уступіўшы толькі такім гігантам, як Аршанскі і Віцебскі раёны. Дыплом пераможцы і грашовую прэмію старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік уручыў кіраўніку нашага раёна Сяргею Абіралу. На галоўную сцэну Сяргей Уладзіміравіч падымаўся падчас цырымоніі яшчэ раз: у спаборніцтве раёнаў на ўборцы рапсу аграрыі Докшыччыны сталі лепшымі. А сярод сельскагаспадарчых арганізацый на ўборцы гэтай каштоўнай культуры абсалютным лідарам стала ААТ “Бягомльскае” – апладысментамі ўдзельнікі свята віталі кіраўніка гаспадаркі Аляксандра Навіцкага.
Падчас ушанавання перадавікоў Докшыцы прагучалі яшчэ двойчы: у спаборніцтве сярод старшых камбайнераў і камбайнераў моладзевых экіпажаў сельгасарганізацый ва ўзросце да 31 года ў другой групе трэцяе месца занялі Аляксандр Трус, старшы камбайнер, і Вадзім Скурат, камбайнер, з ААТ “Таргуны”, а сярод вадзіцеляў транспартных сродкаў, што ажыццяўлялі перавозку зерня ад камбайнаў, лепшым у трэцяй групе стаў мінулагодні пераможца сярод маладых вадзіцеляў Аляксандр Маскалёнак з гэтай жа гаспадаркі. За высокія паказчыкі ў перыяд кормаўборачнай кампаніі і больш чым паўтаратысячны намалот збожжа адзначаны шматгадовы ўдзельнік абласных і рэспубліканскіх “Дажынак”, легенда Докшыцкага краю Уладзімір Лаўцэвіч.
Акрамя гэтага, узнагароды былі яшчэ і на другой сцэне. Так, Падзяку старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта першаму намесніку старшыні Докшыцкага райвыканкама, начальніку ўпраўлення па сельскага гаспадарцы і харчаванні Наталіі Вараб’ёвай уручыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Ляўковіч. Грамату Беларускага прафесійнага саюза работнікаў АПК яго старшыня Васілій Хвацік уручыў трактарысту-машыністу ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” Міхаілу Чарняўскаму. Высокімі ўзнагародамі адзначана таксама праца машыніста тралёвачнай машыны ДЛГУ “Бягомльскі лясгас” Алега Скукоўскага і трактарыста-машыніста КУСГП “АграСітцы” Аляксандра Кудзеркі. Сертыфікат ад Глыбоцкага МКК на суму 5541 руб. на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ААТ “Барсучанка” кіраўнік сельгаспрадпрыемства Сяргей Маскалёнак прыняў з рук дырэктара ДА “Віцебскі канцэрн “Мяса-малочныя прадукты” Таццяны Вараб’ёвай.
– Нягледзячы на цяжкасці, мы не падвялі краіну і Прэзідэнта, – сказаў у сваім выступленні старшыня аблвыканкама Аляксандр Рагожнік. – Гэты год для Віцебшчыны ўвогуле гістарычны: дасягнуты рэкордныя паказчыкі па прывагах жывёлы і надоях малака, сабраны рэкордны ўраджай рапсу. Набылі больш за паўтары тысячы адзінак сельгастэхнікі – такога вобласць яшчэ не ведала.
Кульмінацыйным момантам урачыстасці стала перадача сімвалічнага дажыначнага снапа Докшыцам. Шмат станоўчых эмоцый прысутным падараваў цудоўны канцэрт з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады.
Да галоўнага свята аграрыяў раённы цэнтр падрыхтаваўся як мае быць. Рэканструявана набярэжная, мадэрнізаваны школа мастацтваў, Цэнтр культуры, раённая бальніца. Усяго абноўлена амаль 150 аб’ектаў інфраструктуры. Урачыста адкрылі спецыялізаваную залу боксу плошчай 300 кв.м. з рынгам, трыбунамі, трэнажорнай залай, трэнерскай і раздзявалкамі з душам.
Свята прайшло з размахам. Мусіць, на кіламетр расцягнуўся дажыначны кірмаш, дзе размясціліся тэматычныя падворкі раёнаў, гандлёвыя рады, кропкі грамадскага харчавання – там і пачаставацца можна было, і набыць прадукцыю мясцовых вытворцаў, наведацца на выставу-кірмаш тавараў прамысловых прадпрыемстваў вобласці, выставу сельскагаспадарчай тэхнікі “ТэхнаАграФэст”. А тэматычных пляцовак арганізацый і ўстаноў увогуле было не злічыць. Можна было пазабавіцца з дзецьмі ў дзіцячым гарадку, пакатацца на катэры па возеры Міёрскім. Нікога не пакінулі абыякавым такія відовішчы, як флайборд-шоу і святочны феерверк. На Камуністычнай вуліцы ахвотныя маглі наведаць выставу-конкурс “Лепшая лялька “Прыгажуня жніва” і выставу дажыначных снапоў і караваяў, дзе годна глядзеліся і работы нашых майстроў хлебазавода і Дома рамёстваў. Галоўны ж каравай вобласці “вырас” увышыню амаль на два метры і важыў 80 кілаграмаў.
Анатолій Сіўко, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Докшыцкай выбарчай акрузе №22:
– Уражанні ад свята самыя лепшыя. Гонар за краіну, за нашых аграрыяў, што забяспечваюць нас такім мноствам прадуктаў. Душэўная, па-беларуску гасцінная атмасфера, адчуванне ўсеагульнага яднання, усмешкі і сяброўскія поціскі рук. Яркія фарбы выстаў, падворкаў, кірмашоў. Важна адзначыць і практычную карысць такога мерапрыемства: гарады-арганізатары атрымліваюць абноўленыя дарогі, адрамантаваныя будынкі, новыя сацыяльныя аб’екты. Чакаем “Дажынак” у Докшыцах!
Андрэй Альхімёнак, галоўны аграном ААТ “Барсучанка”:
– Свята пакінула шмат яркіх уражанняў. Прыемна сустрэцца з калегамі з іншых раёнаў, акунуцца ў вір гандлёвых радоў, падворкаў, выставак. Безумоўна, адчуў гордасць за наш раён, за ўсё дасягнутае на працягу года. Канцэртная праграма проста супер, як і флайборд-шоу. Такія святы абавязкова павінны быць: яны аб’ядноўваюць, назапашваюць пазітыўнай энергіяй, даюць сілы для далейшай працы.