Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by
Паблізу вёскі Удзела ля малочнатаварнай фермы закрывалі чарговую траншэю кукурузнага сіласу. «Амкадор» трамбаваў зялёную масу, што падвозілі машыны і трактары. Дарога ў іх была кароткай.
– У нас усе кукурузныя пасевы знаходзяцца паблізу жывёлагадоўчых памяшканняў, – сказаў галоўны аграном СУП «За Радзіму» Уладзімір Пачкоўскі. – Іх лягчэй заправіць арганікай, і пры ўборцы плячо дастаўкі кароткае. І першае, і другое спрыяе справе. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы вялікае, налічвае 4,5 тысячы галоў. Каб накарміць яго, трэба мець да 25 тысяч тон травяністых кармоў. Назапасіць такую колькасць сёлета вельмі няпроста.Таму і спяшаемся ўбраць кукурузу, пакуль яна сакавітая, пакуль не перашкаджае восеньскае бездарожжа…
СУП «За Радзіму» мае на Глыбоччыне самыя вялікія плошчы пад кукурузу. На ўсіх 726 гектарах яна дае па сёлетнім годзе неблагі ўраджай – 270 ц зялёнай масы с гектара. Убіраюць «каралеву палёў» два механізатары – Андрэй Пятрага (на фота) і Сяргей Сямашка. Але асноўны цяжар, сказаў галоўны аграном, ляжыць на Андрэі. Ён вопытны механізатар, пра якіх звычайна кажуць «пацалаваны Богам». У роўных умовах з іншымі вынік заўсёды мае больш важкі. Яму з дапамогай Сяргея і давядзецца ўбраць тыя 700 з лішнім гектараў.
За дзень у сіласныя ямы кладуць у сярэднім па 400 тон зялёнай масы. Яна ўжо запраўлена кансервантамі. Застаецца добра ўтрамбаваць. За тэмпературным рэжымам сочыць ветурач Іосіф Гушчонак. Сёлета ў сілас дабаўляюць здробненую салому. Спецыялісты палічылі, што, узбагачаная пажыўным сокам кукурузы, яна таксама стане добрым кормам.
– 10 тысяч тон сіласу закладзём, – упэўнены дырэктар гаспадаркі Юрый Ваховіч. – Разлічваем, што мінулагодні рацыён кармлення жывёлы, асабліва кароў, захаваем. Пакуль надвор’е спрыяе нарыхтоўцы кармоў. Акрамя кукурузы, бяром трэці ўкос траў. Зімоўка жывёлы пройдзе ў спакойным рэжыме.