Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
7 верасня 2020

Злачынствы з выкарыстаннем інтэрнэт-тэхналогій зафіксаваны ў Докшыцкім раёне

Якімі б сямімільнымі крокамі не імчаўся наперад тэхнічны прагрэс, зламыснікі не адстаюць ад яго ні на пядзю. Са з'яўленнем інтэрнэт-тэхналогій некаторыя звыклыя віды злачынстваў, часцей усяго махлярства, набылі новыя шматлікія метады здзяйснення.

- З пачатку года ў нашым раёне назіраецца агульнае зніжэнне злачыннасці, пры гэтым практычна па ўсіх пазіцыях, - кажа начальнік раённага аддзела ўнутраных спраў падпалкоўнік міліцыі Сяргей Каралевіч. - Калі ў мінулым годзе за сем месяцаў было зарэгістравана 85 злачынстваў, то сёлета толькі 65. З сямі да трох знізілася колькасць зарэгістраваных цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, з 21 да 15 - учыненых ў стане алкагольнага ап'янення, з 32 да 12 - раней судзімымі грамадзянамі. На 20 адсоткаў паменшылася злачыннасць па лініі крымінальнага вышуку. Разам з тым на гэтым параўнальна паспяховым фоне назіраецца рост інтэрнэт-злачынстваў. Калі у мінулым годзе на працягу года іх было зарэгістравана 17, то ў гэтым годзе за сем месяцаў практычна столькі ж.

- Ці можна спыніцца на найбольш значных з іх?

- Вядома. Напрыклад, у мінулым годзе адсутнічаў такі від крымінальнага злачынства, як вымагальніцтва. У гэтым годзе па арт. 208 ч. 1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь ужо распачата справа. Падставай для гэтага стала заява жыхаркі нашага раёна. Жанчыне даслалі фота адной з інтымных частак яе цела з пагрозай размясціць здымак у Інтэрнэце, калі яна не перавядзе 40 рублёў. Вось чым павярнулася любоў некаторых да выкладвання ў адкрытым доступе самых розных фота.

Не ўзбуджаліся ў мінулым годзе і справы па арт. 209 ч. 1 КК РБ (махлярства). У гэтым годзе ўжо маем дзве. Адной з курсантак прыватнай аўташколы паступіла прапанова аб магчымасці набыць правы за 400 долараў. Жанчыну ніколькі не насцярожыў факт супрацьзаконнасці падобнай здзелкі, і яна пагадзілася на пералiк грошай на рахунак. Чакала дзесці месяц, пакуль злачынцы «кармілі» яе абяцаннямі. Апошні прызначаны імі тэрмін быў 20 жніўня. Як можна здагадацца, і ў гэты дзень яны не аб'явіліся, а на наступны аматарка «левых» дакументаў была ўжо ў райаддзеле міліцыі.

Яшчэ адно вельмі паказальнае злачынства, якое сведчыць, наколькі вынаходлівымі з'яўляюцца інтэрнэт-ашуканцы. Да нас звярнулася мінчанка, якая знаходзілася ў Докшыцах, калі ёй на старонку ў сацсетцы напісала добрая знаёмая з просьбай пазычыць грошы. Падобная сітуацыя была не першы раз, таму жанчына, не сумняваючыся, пераклала сяброўцы 1127 рублёў. Як аказалася, названыя звесткі пра адносіны сябровак злачынцы «пазычылі», ўзламаўшы іх акаўнты. На гэты раз падвяла неабачлівасць. А што перашкаджала патэлефанаваць той сяброўцы на мабільны тэлефон, каб пераканацца ў сапраўднасці просьбы? І грошы былі б цэлымі.

Горш за ўсё, што падобныя злачынствы практычна не раскрываюцца. Немагчыма вызначыць асоб, якія, як правіла, хаваюцца ў іншых краінах.

- Якія яшчэ найбольш распаўсюджаныя метады выкарыстоўваюць інтэрнэт-злачынцы?

- Самы распаўсюджаны апошні з прыведзеных прыкладаў, калі ламаецца аккаўнт і злачынец дзейнічае ад імя сяброў. Могуць яшчэ стварыць так званую «копію» старонкі ў сацсетках ад імя сябра, з якой потым і рассылаюцца паведамленні аб банкаўскіх акцыях, напрыклад, або прапануюць проста зарабіць грошы. Тут трэба быць пільнымі. Калі паступіла паведамленне аб даданні ў сябры, то на яго трэба звярнуць асаблівую ўвагу. І ні ў якім разе нельга паведамляць рэквізіты банкаўскіх картак.

Ёсць яшчэ «ілжывыя пакупнікі». Гэта калі зламыснік выступае ў ролі пакупніка, звязваецца з прадаўцом, размясціўшым аб'яву аб продажы тавару, і пад выглядам ўнясення закладу перад яго купляй паведамляе прадаўцу ашуканскі сайт. А той візуальна вельмі падобны на сайт сапраўднага банка. І людзі вядуцца. У нашым раёне чалавек так «прадаў» матаблок.

Існуе і такі выгляд махлярства, як «вiшынг». Гэта калі злачынец па тэлефоне прадстаўляецца, напрыклад, супрацоўнікам банка ці яшчэ кім і, выкарыстоўваючы любыя прычыны, стараецца даведацца рэквізіты карткі, нумар пашпарта, лагіны, паролі, СМС-коды і іншую канфідэнцыйную інфармацыю. У такім выпадку трэба памятаць, што банк сам мае ўсю неабходную інфармацыю.

Не трэба забывацца і пра тое, што нельга нікому паведамляць дадзеныя банкаўскай карткі, маю на ўвазе нумар, дату, код, а таксама коды, якія вам адпраўляе банк у выглядзе СМС-паведамленняў, лагін, пароль, лічбавыя і літарныя коды, пашпартныя дадзеныя. Калі ж да вас паступіў тэлефонны званок з падобнай просьбай, адразу завяршайце размову і паведамляйце пра званок у банк або набярыце 102. Толькі агульнымі намаганнямі, ўважлівасцю і асцярожнасцю можна перашкодзіць зламыснікам увасобіць у жыццё свае злачынныя намеры.

Тамара Альшэўская.