Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
1 верасня 2021

Вядомы докшыцкі драматург і публіцыст Фёдар Палачанін адзначае юбілей

На днях наш зямляк, вядомы драматург і публіцыст, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Фёдар Антонавіч Палачанін адзначае 70-гадовы юбілей. Гэта дата - яшчэ адна нагода расказаць пра творчасць філолага па адукацыі, які шмат часу прысвяціў педагагічнай працы, а ў канцы 1990-х гадоў пачаў актыўна і, як вядома, вельмі плённа займацца літаратурнай дзейнасцю.

На той час Фёдар Антонавіч ужо з'яўляўся артыстам Докшыцкага народнага тэатра, таму невыпадкова, што яму і самому захацелася напісаць п'есу. Дзве камедыі і меладрама ўвайшлі ў першую яго кнігу «Расплата за нелюбоў», якая пабачыла свет у 1998 годзе.

Трагічная старонка з біяграфіі сям'і паслужыла падставай для стварэння кнігі, за якую і сёння вельмі ўдзячны Фёдару Антонавічу маці, чые дзеці навекі засталіся салдатамі, хоць у арміі служылі ў мірны час. За кнігу «Недаспяваная песня» яго прынялі ў ганаровыя члены Рэспубліканскага камітэта салдацкіх маці і ўзнагародзілі Ганаровай граматай названай арганізацыі. Пасля гэтага адна за адной выходзяць яшчэ пяць кніг аўтара.

Фёдар Антонавіч сваімі творамі шмат зрабіў для духоўнага выхавання падрастаючага пакалення. За кнігу «Голас сумлення» яму прысуджана літаратурная прэмія імя Уладзіміра Караткевіча. Ён узнагароджаны Ганаровай граматай упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, памятнымі знакамі «2000 год хрысціянству», «Прападобнай Еўфрасінні, ігуменні Полацкай» , «Свяціцеля Мікалая Цудатворца».

Роднай зямлі, яе цудоўным краявідам, народнай гаспадарцы, вядомым людзям прысвечана кніга «Докшыцкі край», якая прызнана лепшым творам 2009 года. За зборнік драматычных твораў «Зраненае сэрца» аўтару прысуджана Рэспубліканская літаратурная прэмія «Залаты Купідон». Яго творчасць была адзначана і прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

Вельмі плённым аказаўся 2012 год. Майстар слова выпусціў кнігі «Даравальная нядзеля», «Дарога да Бога», прысвечаныя праблемам духоўнасці. За апошнюю атрымаў літаратурную прэмію імя Петруся Броўкі. У наступныя гады свет пабачылі яшчэ некалькі кніг пісьменніка.

Да гонару драматурга, яго п'есы неаднаразова браліся для пастановак. Докшыцкім народным тэатрам пастаўлены спектаклі па п'есах «Расплата за нелюбоў» і «Не свая віна», па якіх пазней рэдакцыя літаратурна-драматычных праграм Беларускага радыё падрыхтавала радыёспектаклі, а паводле кнігі «Недаспяваная песня» - радыёкампазіцыю «Красуйся, бярозка, расці!» У 2009 годзе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ажыццявіў пастаноўку спектакля па п'есе «Пазычанае шчасце». Да творчасці нашага земляка не раз звярталіся і драмгурткi розных устаноў адукацыі.

Фёдар Антонавіч з'яўляецца таксама аўтарам трох кінасцэнарыяў. За адзін з іх атрымаў заахвочвальную прэмію Міністэрства культуры, Саюза пісьменнікаў і Саюза кінематаграфістаў Рэспублікі Беларусь.

Пажадаем жа нашаму земляку, паважанаму чалавеку, далейшага поспеху ў творчасці, якой ён ўпрыгожвае літаратурную скарбонку Докшыцкага краю.

У. Хілько, бібліятэкар-бібліёграф ЦБС

Фота Аляксандра Варанковіча

Крыніца: https://www.dokshitsy.by/2021/08/izvestnyj-dokshickij-dramaturg/