Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
21 красавіка 2021

У Докшыцкім раёне прайшоў рэспубліканскі суботнік

Паводле папярэдніх дадзеных у рэспубліканскім суботніку ў раёне прынялі ўдзел больш за 5000 чалавек, зарабілі 20,8 тысячы рублёў. У гэты дзень працавалі на мемарыяльных комплексах у Шунёўцы, Ходараўцы, Будзілаўцы, наводзілі парадак на могілках, у парках і скверах, прыбіралі вытворчыя тэрыторыі. «Алея Памяці і Адзінства. Нашчадкі! Памяць захаваеце пра тых, хто перамог вайну!» - арка з гэтымі словамі зараз узвышаецца над мемарыялам, устаноўленым ў гонар жыхароў вёскі Будзілаўка, якія ваявалі на франтах і ў партызанскіх атрадах, а таксама падпольшчыкаў і мірных жыхароў. Побач з ёй - 108 бярозак, якія былі пасаджаны падчас рэспубліканскага суботніка.

Будзілаўка

Прыняць удзел у важнай справе, якую арганізаваў наш зямляк Мікалай Печань, з'ехаліся дарослыя і дзеці з розных куткоў - Докшыц, Бягомля, Маладзечна, Лагойска, Гродна, Мінска і Масквы.

- Спачатку была задумка пасадзіць звычайны бярозавы гай, - распавядаў Мікалай Анатольевіч. - А ўжо потым захацелася стварыць сапраўдную алею, на якой каля дрэўцаў будуць устаноўлены шыльды з імёнамі землякоў, якія загінулі ў Падчас Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай войнаў, - усяго 107 чалавек. У самым пачатку алеі (злева) - 108-ае дрэўца, а побач надпіс: «Імя тваё невядома, вечная падзяка і памяць наша», якое пасаджана ў памяць вяскоўцаў, звесткі пра якіх так і не былі знойдзены.

Старшыня раённага Савета дэпутатаў і раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Валянціна Рандарэвiч, якая працавала на суботніку ў Будзілаўцы, падтрымала задумку стварыць у вёсцы бярозавую алею.

- Вельмі прыемна, што агульная справа аб'яднала людзей розных пакаленняў для таго, каб увекавечыць памяць аб тых, хто заваяваў мір на зямлі, - сказала Валянціна Юр'еўна. - Гэта месца стане асаблівым, знакавым. Будзем даглядаць за дрэўцамі, наводзіць тут парадак. І, вядома, спадзяемся на падтрымку нашай моладзі.

Ідэю дапамаглі ўвасобіць многія. Старшыня Бягомльскага сельвыканкама Мікалай Трахiнiн зрабіў арку. Драўляныя калкі - камгас. З вадой і чарназёмам вырашыў пытанне дырэктар ААТ «Бягомльскі» Аляксандр Дзяконскi. Малодшае пакаленне таксама не засталося ў баку: вучні Бягомльскай СШ змайстравалі таблічкі.

Некалькі гадзін працы - і за чатырма гранітнымі плітамі з'явілiся маладыя тоненькія бярозкі, якія асвяціў бацька Аляксей Кушнярэвіч.

У Вольгі Мажэйка, жыхаркі Лагойска, якая працавала са сваімі дзеткамі на суботніку, з Будзілаўкай звязана ўсё дзяцінства. Кожнае лета яна праводзіла там канікулы.

- Мой дзядуля Пётр Сяргеевіч Баранаў, чыё імя таксама ўвекавечана на таблічцы, быў інвалідам вайны, - распавяла Вольга. - Яму ўдалося выратаваць 12-гадовую дзяўчынку, якую немцы разам з іншымі зачынілі ў хляве. Але сам пацярпеў ад варожай кулі, прастрэліўшай яму вока. Лічу сваім абавязкам клапаціцца пра дзядуляву радзіму. Вось і сёння разам з маленькімі сынам і дачушкай прыехала сюды, каб добраўпарадкаваць родны куток.

У бліжэйшы час ля мемарыяла, па словах Мікалая Печані, плануецца ўсталяваць два дзяржаўныя сцяга Беларусі і Расiі як знак еднасці паміж краінамі.

Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.

Ходараўка

Работнікі райвыканкама разам са старшынёй Алегам Кавалёнкам дружна наводзілі парадак на мемарыяльным комплексе «Ходараўка». Пасля вайны на месцы расстрэлу 200 ваеннапалонных італьянцаў і 600 вязняў канцлагера «Лiбароўшчына» быў пасаджаны гай, а ў 1969 годзе пастаўлены абеліск. З тых часоў мемарыяльны комплекс - асаблівы клопат удзячных нашчадкаў.

Вось і падчас рэспубліканскага суботніка тут кожнаму знайшлася справа. Пакуль мужчыны прыбіралі тэрыторыю ад сухога галля, жанчыны чысцілі дарожкі ад старога лісця. Вальшчык лесу з КУП БО «Бытавік» Генадзь Камылевiч дапамагаў пілаваць старыя дрэвы. Пазней да работ далучылася і старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвiч, якая да гэтага пабывала на пасадцы дрэў у Будзілаўцы. Агульнымі намаганнямі за некалькі гадзін тэрыторыя змянілася: усюды стала чыста і прыгожа.

Завяршыўся працоўны дэсант пасадкай новай алеі каштанаў, ініцыятарам якой стаў старшыня Сітцаўскага сельскага Савета дэпутатаў Аляксандр Сташэвiч.

Яўгенiя Малевіч.

Крыніца: https://www.dokshitsy.by/2021/04/respublikanskij-subbotnik-2/