Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
14 чэрвеня 2021

У аграгарадку Бярозкі прайшло брэндавае свята

Радасна і добразычліва сустракалі жыхары аграгарадка Бярозкі удзельнікаў свайго брэндавага свята «Бярозавы сок - здароўя глыток». Ганаровым госцем мерапрыемства стала старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвiч.

Тое, што вясковы фэст прысвечаны прыгажуні беларускіх лясоў беластвольнай бярозцы, відаць яшчэ на ўваходзе на пляцоўку, дзе праходзіў фэст. Фотазона з бярозавымі венікамі, малыя архітэктурныя формы, вяночкі з галінак гэтага дрэва ўпрыгожвалі ўсе вакол. У даволі спякотны вечар вельмі дарэчы прыйшлася выстава-конкурс бярозавіку, для падрыхтоўкі якога мясцовыя гаспадыні маюць свае асабістыя асаблівыя рэцэпты. Жыватворныя напоі з апельсінам і лімонам, вішнямі і разнатраўем прапаноўвалася пакаштаваць і прагаласаваць за самы смачны. Тут жа была аформлена выстава мастацкай творчасці, побач з якой убачылі таксама нямала цікаўных. Нават на гульнявой пляцоўцы ўсе выпрабаванні былі звязаны з бярозай: дарослыя спаборнічалі на хуткасць у распілоўцы бярвення пілой «Дружба», дзеці навыперадкі насіліся з венікам і гулялі ў боўлінг, збіваючы бярозавыя кеглі калодкай. А яшчэ на свяце можна было шмат даведацца пра лекавыя ўласцівасці дрэва, паспрабаваць на сабе эфект разнастайных касметычных сродкаў, якія здаўна вядомы ў народнай медыцыне. Шчодрымі былі і пачастункі бярозкаўскiх гаспадароў. Кожная арганізацыя і прадпрыемства, якое дзейнічае на тэрыторыі Бярозкаўскага сельсавета, здзіўлялі удзельнікаў фэсту сваімі кулінарнымі вынаходствамі.

Асабліва вылучалася тройка важных хлапчукоў. У светленькiх кашулях, з гальштукамі-матылькамі, быццам сапраўдныя джэнтльмены, першакласнікі мясцовай школы Яўген Камінскі, Валянцін Грынь і Павел Зiмянiн рыхтаваліся да выступлення. Цудоўнымі вершамі пра любімы беларускi край яны і пачалі ўрачыстую праграму. Пазней хлапечае трыо разбавілі дзяўчынкі Ірына ЦэдзIлка і Анастасія Лукашэнка.

Весялілi народ вядучыя Сымонiха і Лявоніха, у ролі якіх выдатна ўжыліся Аксана Сініца і Наталля Шавель. Асабліва па душы прыйшоўся ўсім жартоўны аўкцыён, у якім можна было выйграць або літр шампуня за тры рублі, або бярозавы галінку за дзесяць.

Шмат жадаючых удзельнічала ў песенным конкурсе, дзе трэба было спяваць пра галоўную гераіню свята. Успомнілі мінулагоднюю пераможцу конкурсу на лепшы рэцэпт бярозавіка Алену Бугай, якая нарыхтоўвае гэты напой звычайна з апельсінам. Бурнымі апладысментамі віталіся ўсе ўдзельнікі канцэрту: Андрэй Воранаў, Андрэй Чабан, Віктар Арлоўскі, Святлана Пашкоўская, Валянцін Салаўёў, дуэт «Фантазія» з Докшыцкай ДШМ.

У канцы ўрачыстасці Валянціна Рандарэвiч падзякавала ўсім за шыкоўныае свята і ўзнагародзіла пераможцаў фестывальных конкурсаў. У раённым творчым конкурсе «Бярозкі дзівоснае святло» ў намінацыі «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» перамаглі майстры Бярозкаўскага і Вітуніцкага лясніцтва, на другім і трэцім месцах - Ілона Вяртінская з Барсукоў, Кацярына Іваньковіч з Несцяроўшчыны, а таксама Бярозкаўская ДС-БШ і Крулеўшчынская бібліятэка. Лепшым малюнкам стала праца Аляксея Нікіценка з Вітунічы, а таксама Ангеліны Красільнікавай з Докшыц і Лізы Цягуновiч з Сiтцаў. У намінацыі «Фота» перамог здымак Вітольда Ярмаковіча з Віржаў, другое і трэцяе месца ў Анастасіі Асон з Докшыц і калектыву Бярозкаўскай ДС-БШ. А вось самы лепшы бярозавы сок у гэтым годзе атрымаўся ў Вітуніцкага лясніцтва. Нарыхтаваў смачніну Аляксандр Ананіч.

Яўгенiя Малевіч.

Фота аўтара.