Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
24 чэрвеня 2021

Традыцыйнае свята нацыянальнай культуры прайшло ў Таргунах

Мноства ўдзельнікаў сабрала ў мінулыя выхадныя традыцыйнае свята нацыянальнай культуры, якое штогод праводзіцца ў Таргунах на Тройцу. Нават абяцаныя сіноптыкамі +33 градуса па Цэльсіі не сталі перашкодай тутэйшым і заезджым сабрацца разам, каб весела і шчыра, як таго патрабуе старажытны абрад, адзначыць адно з галоўных святаў праваслаўнага календара.

Самі арганізатары многае зрабілі для гэтага, перанясучы імправізаваную сцэну і глядацкія шэрагі ў цяністы парк, што насупраць Дома культуры. Тут жа, на алеі майстроў, была прадстаўлена творчасць народных умельцаў.

Пакуль адны ўдзельнікі свята разглядалі маляўнічыя вырабы, іншыя збіраліся ў калону, каб прайсціся з песнямі пад гармонік па цэнтральнай вуліцы аграгарадка, і абавязкова праз вароты з бярозак - амаладзіцца душой і здабыць жыццёвыя сілы на ўвесь год. Пры гэтым сваякі, суседзі і проста знаёмыя кумаваліся: па парах, трымаючы ў руках вянок, тройчы праз яго цалаваліся.

З днём Святой Тройцы ўсіх віншавала намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, якая адзначыла, што Таргуноўскі край багаты гістарычнымі падзеямі, людзьмі-работнікамі, добрымі самабытнымі традыцыямі.

- Нездарма кажуць, што чалавек без гісторыі як дрэва без каранёў, - казала Аксана Эдуардаўна. - А таму хочацца пажадаць вам, каб гістарычныя вехі слаўнага Таргуноўскага краю год ад года толькі дадаваліся, у старонкі гісторыі ўпісваліся новыя імёны, каб усе свята шанавалі традыцыі і перадавалі іх з пакалення ў пакаленне.

Шчыра павіншаваў з вялікім святам Пяцідзесятніцы жыхароў і гасцей аграгарадка бацька Пётр Iоська, настаяцель Тумілавіцкай царквы Святога Георгія Пераможца.

Гучнымі апладысментамі віталі ўдзельнікі фестывалю ганаровых таргунянцаў - Уладзіміра Новікава, Аляксандра Малюжэнца, Мікалая Маскалёнка. З радасцю сустракалі гледачы мясцовых артыстаў: Валерыю Шылко, Ангеліну Карнiловiч, Анастасiю Рудзянаву, Генадзя Кулака, Веру Падбярозка, дуэт маці і дачкі Святланы і Анастасіі Малюжэнец, а таксама салістку вакальнай студыі «Калейдаскоп» ГЦК Святлану Гмыза. Амаль кожную песню, нават пад «мінусоўку», падыгрывалі на акардэонах вядомыя музыкі Аляксандр Малюжэнец і Аляксандр Буката.

Ад душы пасмяяліся ўдзельнікі свята падчас розыгрышу жартоўнай латарэі, у якой можна было выйграць бесправадны пыласос - венік, трэнажор - скакалку, аўтапартрэт - люстэрка.

Пакуль гледачы набывалі тавары на аўкцыёне, некаторыя з іх падзяліліся ўспамінамі, як адзначалі свята Тройцы раней.

Ніна Каралевіч: - Субота перад Сёмухай была накшталт чыстага чацвярга перад Вялікаднем. Толькі каб навесці парадак у доме, ішлі за «маем» - так называлі галінкі бярозы ці іншых дрэўцаў, якімі ўпрыгожвалі не толькі пакоi, але і брамку. Дарэчы, «май» на ўваходзе ў двор абавязкова трэба было звязаць паміж сабой стужкай, каб у пары быць.

Галіна Петрашкевіч: - Галінкі бярозак ставілі каля брамы, у кожнага акенца, у абразоў. Пол упрыгожвалі зелянінай, як у царкве.

Валянціна Казачонак: - У нашай сям'і заўсёды напярэдадні Сёмухі пякуць булкі. Гэту традыцыю я пераняла яшчэ ад сваёй маці, і сёння яе падтрымлівае мая дачка. Галінкі, якімі прыбіралі хату, спальвалі на купальскім вогнішчы або хавалі пад дахам хлява і трымалі да восені як сродак ад навальнічных пажараў і буры.

Музычным падарункам для ўсіх стала выступленне вакальнага калектыву «Падсвiльчанка» з Глыбоцкага раёна.

Завяршыўся фестываль занальным турам раённага агляду-конкурсу фальклорнага мастацтва «З крыніц прадвечных», у якім кожная клубная ўстанова прадстаўляе старажытны абрад або фальклорна-забаўляльную праграму з раскрыццём мастацкіх традыцый сваёй мясцовасці.

Яўгенiя Малевіча

Фота аўтара

Крыніца: https://www.dokshitsy.by/2021/06/tradicionnyj-prazdnik/