Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 ліпеня 2022

Свет такі, якім ты яго бачыш, лічыць метадыст па працы з моладдзю з Докшыц.

Таццяна Лукуша, метадыст па працы з моладдзю аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, з тых людзей, каго называюць і швец, і жнец…

Мяркуйце самі. Мае дыплом выкладчыка па класе баяна. Пасля каледжа накіравалі вучыць ігры на інструменце паркалёвую дзятву. Справілася. Праз пяць гадоў выпусціла юных баяністаў з дакументам аб заканчэнні музычнай школы. Даверылі адзін з самых складаных участкаў - працу з моладдзю. Атрымалася. Усмешлівая і абаяльная Таццяна змагла адначасова і заслужыць давер у падрастаючага пакалення, і арганізатарскі бок справы закрыць на выдатна. Да таго ж наша гераіня мае вельмі важную для работніка культуры рысу. Яна не баіцца любога пераўвасаблення і ўмее пасмяяцца над сабой. Трэба згуляць злыдня? Калі ласка. Любы грым і выява. Сёння ў ролі бабулі. Заўтра - сціплая старшакласніца. І гэта зможам. Як кажуць, радзіма сказала "трэба", а значыць, няма пытанняў.

Дарэчы, гісторыя Таццяны - гэта яркі ўдалы прыклад замацавання маладога спецыяліста на малой радзіме. Яшчэ калі дзяўчына вучылася ў другой гарадской школе, яна была камандзірам дружыны, актывісткай усіх школьных мерапрыемстваў. Пасля музычнага каледжа была рада вярнуцца працаваць у родны раён. Сюды ж за будучай жонкай прыехаў і хлопец з Расон - Дзмітрый. Маладая сям'я пабудавала кватэру ў адной з новых шматпавярховак. Муж і жонка гадуюць дачушку Валерыю.

Праца работніка культуры не мае звыклага нарміраванага графіка. Шчасце, калі ў сям'і разумеюць гэтую спецыфіку. Таццяна прызнаецца, што падобны рытм - гэта яе жыццё. А таму яна вельмі ўдзячная свайму мужу, які таксама перайшоў на працу ў адну арганізацыю з жонкай.

- Дзмітрый у нас тэхнічны спецыяліст, чалавек ад сцэны далёкі. Але, калі трэба, заўжды прыходзіць на дапамогу. Вось і сёлета на калядным балі вывучыў разам са мной танцавальную праграму, - дзеліцца Таццяна.

Метадыст па працы з моладдзю ўпэўнена, што часам выраз аб тым, што зараз моладзь менш актыўная, чым раней, не мае пацверджання. Проста змяніліся падыходы і прыярытэты. Многае залежыць і ад выхавання ў сям'і. А таму на ўсе мерапрыемствы для маладых сем'яў, якія каардынуе спецыяліст, яна абавязкова запрашае бацькоў з дзеткамі. Каб малыя з дашкольнага ўзросту прывыкалі да цікавага і актыўнага жыцця. Вось і на маладзёжны фестываль у Сітцах жонкі Лукушы ўзялі з сабой пяцігадовую дачушку. Дзяўчынка з такімі ж глыбокімі, як у мамы, вачыма і абаяльнымі ямачкамі на шчоках, трымаючыся за моцную далонь таты, сузірала свет такім, як яго бачаць бацькі: светлым, чыстым і добразычлівым.

Наталля Сташэвіч.

Фота Яўгеніі Малевіч.

 

 

На здымку: Таццяна і Зміцер Лукушы на калядным балі перад чарговым «па».