Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 кастрычніка 2021

Докшыцкія культработнікі ўмеюць ператвараць будні ў святы

Пагадзіцеся: хіба свята можна назваць сапраўдным без песень, танцаў, музыкі і наогул культурнай праграмы? А за арганізацыяй яе, вядома, стаяць культработнікі. Быць імі - гэта значыць быць аптымістычнымі, ініцыятыўнымі, творчымі альтруістамі. Знаходзіцца ў цэнтры самых яркіх падзей. Ісці ў нагу з часам і пры гэтым не забываць аб багатай культурнай спадчыне. Дыхаць творчасцю і захапляць усіх, хто побач, сваёй энергіяй.

У кожнага мерапрыемствы свая кухня

З чаго пачынаецца свята? З такім пытаннем звярнуліся да дасведчанага прафесіянала - дырэктара Цэнтра традыцыйнай культуры і народнай творчасці Крысціны Гмырак.

- У кожнага мерапрыемствы свая кухня, - кажа Крысціна Іосіфаўна. - Звычайна збіраецца аргкамітэт, які агаворвае асноўныя моманты. Кожны ўносіць свае прапановы, пасля чаго размяркоўваюцца абавязкі. Мерапрыемства - гэта не толькі напісанне сцэнарыя, падбор вядучых і канцэртных нумароў, а яшчэ і касцюмы, дэкарацыі, гукавое і светлавое афармленне і многае іншае. На рэпетыцыях праграма будучага мерапрыемства адгледжваецца, шліфуецца. Самая напружаная праца - падчас свята. Ніхто не застрахаваны ад непрадбачаных сітуацый: можа, напрыклад, тэхніка сапсавацца або што іншае здарыцца. Таму разам з культработнікамі на свяце працуюць і медыкі, і ратавальнікі, і электрыкі. Вялікая адказнасць у такіх момантах на вядучых мерапрыемства. Ад іх чакаецца імправізацыя, уменне адцягнуць увагу гледачоў ад праблемы. У памяці ўсплыла сітуацыя, як падчас выступу нашага маладога спецыяліста, хормайстра ГЦК Вікторыі Плаўсюк, выйшла са строю апаратура, але выканаўца не ўцякла са сцэны, а даспявала песню. Вось якім павінен быць сапраўдны артыст!

- Адданых сваёй прафесіі культработнікаў шмат у нашым раёне, - працягвае Крысціна Гмырак. - Любое мерапрыемства самастойна могуць падрыхтаваць Параф'янаўскі, Сітцаўскi, Бярэзінскі, Ваўкалацкi СДК, Бягомльскі ГДК, Крулеўшчынскі ЦКiД і іншыя. Штогод радуюць сваімі поспехамі майстры раённага Дома рамёстваў, бібліятэкары, работнікі Бягомльскага музея народнай славы, настаўнікі дзіцячых школ мастацтваў.

Карыстаючыся выпадкам, хацелася б падзякаваць тым, хто заўсёды падтрымлівае ўсе прапановы і безадмоўна ўдзельнічае ў розных мерапрыемствах. Гэта ўдзельнікі калектываў мастацкай творчасці, асабліва тых, што маюць званне «народны» або «ўзорны». Радуюць гледачоў сваім талентам Алеся Палякова і вакальны ансамбль «Вясна» з Крулеўшчыны, салістка Бярэзінскага СДК Алена Паўлоўская, докшычанка Ветлана Гарбачова. Не менш чым мэтрамі сцэны можна назваць салістаў Андрэя Чабана, Андрэя Воранава, Сяргея Дубко, Аляксандра Яцына, Святлану Гмыза.

У падрыхтоўцы і правядзенні мерапрыемстваў звычайна задзейнічана шмат людзей. Асаблівую прыгажосць стварае да тэатральных пастановак і канцэртным нумароў касцюмер Наталля Пузакова, якая ў гэтым годзе ўсіх уразіла пашытымі сукенкамі для прыгажунь Докшыччыны, якія ўдзельнічалі ў свяце Дня горада. Над стварэннем аплікацый на гэтых касцюмах працавала таксама майстар раённага Дома рамёстваў Наталля Пятровіч. Ні адзін канцэрт не можа абысціся без гукааператара Роберта Пянткоўскага і адказнага за светлавое афармленне сцэны Алега Каляга ды і ўсяго тэхнічнага персаналу.

Гарэць самім, запальваць іншых

З такім дэвізам па жыцці ідуць артысты ГЦК. На базе ўстановы дзейнічаюць 12 фарміраванняў, з якіх амаль палова носіць званне «народнага». гэта хор ветэранаў працы «Залатыя гады», ансамбль народнай песні і музыкі «Раніца», эстрадная студыя «Калейдаскоп» і тэатр гульні «Балагуры».

Гэты год для некалькіх калектываў ГЦК пачаўся з папаўнення скарбонкі дасягненняў новымі дыпломамі і ўзнагародамі. Дыпламантамі музычных конкурсаў сталі салісты Інэса Солаян і Вікторыя Плаўсюк, Ветлана Гарбачова, Андрэй Воранаў, а таксама арт-група «Юніён». Шэраг міжнародных узнагарод атрымала Докшыцкая батлейка Патупчыка, акрамя гэтага, яна была адзначана дыпломам за папулярызацыю аматарскіх тэатральных гульнявых калектываў на фестывалі мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Лаўрэатам ІІ ступені ў намінацыі «Лепшая гульнявая праграма з неабмежаванай прасторай» на конкурсе «Вясёлкавы карагод», які прайшоў у рамках абласнога фестывалю кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2021», стаў народны тэатр гульні «Балагуры», якім кіруе Крысціна Гмырак. Першымі дасягненнямі парадавала ўдзельніца дзіцячага гуртка «Акадэмія блогераў» Яніна Касцюк пад кіраўніцтвам Ірыны Мачкалян.

Мовай лічбаў

У структуру аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ўваходзяць 44 установы культуры. З пачатку года іх калектывамі было праведзена больш за 3000 мерапрыемстваў. Для арганізацыі вольнага часу насельніцтва дзейнічаюць 123 клубных фарміраваннi, з якіх 51 - для дзяцей. Усяго ў гуртках, студыях, аб'яднаннях задзейнічана каля тысячы чалавек. Платных паслуг выканана на суму 62389,18 рубля, што складае 116 працэнтаў да адпаведнага перыяду мінулага года. Вялікай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада карыстаецца раённае свята да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, Дзень горада, Фестываль двух рэк і іншыя. У кожным сельсавеце традыцыйна праводзяцца брэндавыя святы, а таксама святы вёсак.

Яўгенiя Малевіч

Фота з асабістага архіва