Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
7 ліпеня 2022

Адвакат Докшыцкага раёна заваявала аўтарытэт у кліентаў

Гэты год для загадчыцы юрыдычнай кансультацыі Докшыцкага раёна Святланы Шышлы пачаўся знакава. На справаздачна-выбарнай канферэнцыі за бездакорную працу ў адвакатуры Святлане Мікалаеўне быў уручаны нагрудны знак Рэспубліканскай калегіі адвакатаў "Ганаровы адвакат". За 22 гады прафесійнай дзейнасці гэта далёка не першая высокая ацэнка прафесіяналізму адваката Шышлы: у 2008 годзе яна была ўзнагароджана Ганаровай граматай Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, а ў 2012-м прызнана лепшым юрыстам Рэспублікі Беларусь. Высокае званне ў намінацыі "Адвакатура" падмацавана дыпломам і статуэткай багіні правасуддзя Феміды.

Але, мабыць, галоўным прызнаннем паспяховай дзейнасці адваката з'яўляецца тое, што не мае матэрыяльнага эквівалента, - шчырае "дзякуй" ад кліентаў і важкае "апраўданы" у судзе. Святлана Мікалаеўна - член Віцебскай калегіі адвакатаў і своеасаблівы універсал у прафесіі.

- Па-іншаму ў раёне працаваць і немагчыма, - адзначае адвакат. - Людзі звяртаюцца за дапамогай у розных галінах права. У мінулым годзе ў практыцы было каля 120 спраў. Але гэта ня самы вялікі паказчык. Яшчэ дзесяць гадоў таму за год даводзілася разбірацца з 250-300 грамадзянскімі, адміністрацыйнымі і крымінальнымі справамі. Так што з практыкі адзначу: узровень злачыннасці ў раёне паніжаны, і значна.

Нашу размову штораз перарываюць званкі: Докшыцы, Глыбокае, Паставы. І ў кожным чуецца: "нам параілі", "толькі на вас надзея". Так што тэрыторыяй раёна прафесійная дзейнасць юрыдычнай кансультацыі ніяк не абмяжоўваецца. Геаграфія спраў - літаральна ўся рэспубліка.

А яшчэ Святлана Мікалаеўна ў адпаведнасці з законам, пры патрабаванні органа, які вядзе працэс, аказвае бясплатную юрыдычную дапамогу.

Моцны прафесійны аўтарытэт адвакат Шышла заваявала даўно. Адкінуўшы асабістыя эмоцыі, быць заўсёды на баку кліента - гэта яе канёк. Праўда, з цягам часу Святлана Мікалаеўна стала дазваляць сабе адмовіць у абароне толькі ў адным прынцыповым выпадку: калі пытанне датычыцца насілля ў адносінах да непаўналетніх.

- Найбольшую маральную асалоду атрымліваю, калі грамадзянскія справы заканчваюцца міравым пагадненнем. Лічу, што любы канфлікт забярэ ў некалькі разоў больш, чым дасць у адказ, - дзеліцца адвакат.

Прадстаўнікі гэтай прафесіі на працы, можна сказаць, 24/7. Здаецца, і афіцыйны працоўны дзень завершаны, і паседжанні скончаны, і следчыя дзеянні прыпыненыя, а меркаванні і выбудоўванне стратэгій спраў не даюць спакою. У чым знаходзіць падтрымку самой, каб потым аддаць яе людзям?

- Мне пашчасціла мець цудоўную сям'ю, - кажа Святлана Мікалаеўна. - Муж Валерый, былы супрацоўнік органаў унутраных спраў, як ніхто разумее і ненармаваны графік, і спецыфіку працы адваката. Сын Аляксандр - першы дарадца, дачушка Анастасія - мая душа. А яшчэ мне павезла з сябрамі. Іх, сапраўдных, няшмат, але нашы адносіны замацаваны гадамі, і не толькі бядой і радасцю, перажытымі разам.