Сергей Владимирович Абирало

Председатель Докшицкого районного исполнительного комитета

predsedatel

Дорогие друзья! Мы рады приветствовать всех, кто посетил официальный сайт Докшицкого районного исполнительного комитета...

Режим работы
  • пн
  • вт
  • ср
  • чт
  • пт
  • сб
  • вс
8:00-13:00 | 14:00-17:00

Приём обращений граждан и юридических лиц c 8.00

211722, г. Докшицы, ул. Ленинская, д. 31
8 (021) 573-25-10приёмная
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
У Віцебску назвалі пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Майстар года - 2026»

16.06.2026

У Віцебску назвалі пераможцаў абласнога этапу конкурсу «Майстар года - 2026»

Майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Ірына Васілевіч прадставіць паўночны рэгіён на рэспубліканскім этапе конкурсу «Майстар года – 2026».

Сёння ў Віцебску адбылася цырымонія ўрачыстага ўручэння дыпломаў абласнога этапу рэспубліканскага агляду прафесійных дасягненняў сярод майстроў вытворчага навучання «Майстар года – 2026».

Маштабны марафон прафесійнага майстэрства праходзіў на Віцебшчыне з красавіка па май 2026 года. У барацьбу за прэстыжны тытул уступілі прадстаўнікі 19 устаноў адукацыі вобласці. Шлях да дыпломаў быў няпросты. Канкурсантам трэба было прадэманстраваць свае таленты ў рамках чатырох модуляў, кожны з якіх ацэньваў пэўную грань іх майстэрства: «Я — майстар», дзе ўдзельнікам неабходна было падрыхтаваць творчую візітоўку, «Педагагічнае майстэрства» — гэта дэманстрацыя прафесійных навыкаў у галіне праектавання, правядзення і аналізу ўрока, метадычная распрацоўка, «Майстар-клас» — практычнае заданне па заяўленай удзельнікам кампетэнцыі і «Прафесія — новы фармат» — прэзентацыя прафарыентацыйнай творчай праграмы.

Віншуючы ўдзельнікаў урачыстасці, намеснік старшыні аблвыканкама Аляксей Гуйда адзначыў, што Беларусь славіцца сваімі добрымі традыцыямі, і конкурс «Майстар года», які праводзіцца ўжо другі раз, упэўнена становіцца адной з іх.

– Галоўнае, што аб’ядноўвае ўдзельнікаў, — гэта бязмежная любоў да сваёй справы, – адзначыў Аляксей Гуйда. – Гэта прафесіяналы, адданыя сваёй прафесіі, якія ўмеюць перадаць практычны вопыт падрастаючаму пакаленню.

Намеснік старшыні аблвыканкама таксама звярнуў увагу на тое, што прафесійна-тэхнічная адукацыя ў Віцебскай вобласці і ў рэспубліцы ў цэлым імкліва набірае папулярнасць.

– Майстры вытворчага навучання — унікальныя людзі, і я хачу падзякаваць вам за высакародную, неацэнную працу, – звярнуўся да прысутных Аляксей Гуйда. – Вы робіце вялікую справу для нашай краіны і нашых дзяцей. Дзякуючы вашай працы ўмацоўваецца эканоміка Беларусі, развіваецца наш чалавечы патэнцыял.

Значнасць конкурсу і важнасць ролі настаўнікаў у сучаснай сістэме падрыхтоўкі кадраў падкрэсліла начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Пятрова.

На яе думку, менавіта майстар вытворчага навучання з'яўляецца ключавой фігурай, якая дазваляе прафесійна-тэхнічнай адукацыі трымаць высокую планку якасці і рыхтаваць запатрабаваных спецыялістаў пад канкрэтныя патрэбы сучасных прадпрыемстваў.

– Для прафесійна-тэхнічнай адукацыі майстар вытворчага навучання — гэта ўнікальны чалавек, які не толькі перадае свае ўменні і навыкі навучэнцам, але і займаецца выхаваннем будучага пакалення, на ўласным прыкладзе паказвае, якім прафесіяналам высокага класа можна стаць, – пераканана Аляксандра Пятрова. – Перамога ў абласным этапе патрабуе ад канкурсанта бездакорнага валодання двума ключавымі складнікамі: педагагічным талентам і найвышэйшым практычным майстэрствам у сваёй сферы. Менавіта гэты тандэм дазваляе ім паспяхова спраўляцца са складанейшымі конкурснымі задачамі і пацвярджаць свой высокі статус.

Дарэчы, кожны другі ўдзельнік конкурсу — прадстаўнік маладога пакалення педагогаў. Конкурс гэтага года наглядна прадэманстраваў пераемнасць пакаленняў і высокі патэнцыял пачынаючых спецыялістаў. У аглядзе «Майстар года – 2026» прынялі ўдзел 10 маладых педагогаў ва ўзросце ад 22 да 30 гадоў.

Такую актыўнасць моладзі і адданасць выбранай справе высока ацаніла першы сакратар абласнога камітэта БРСМ Жанна Нарыцына, адзначыўшы, што кожны пераможца ў сваёй галіне — гэта ўжо дастойны прыклад прафесійнага майстэрства і добрасумленнага стаўлення да працы, на які павінна раўняцца моладзь.

– Менавіта на такіх спецыялістах сёння трымаюцца прадпрыемствы і арганізацыі. Яны натхняюць новае пакаленне будаваць сваё жыццё і ўпэўнена глядзець у будучыню, арыентуючыся на лепшых у сваёй справе, – пракаментавала моладзевы лідар вобласці.

Пераадолець сур’ёзныя выпрабаванні і даказаць сваю перавагу змаглі наймацнейшыя. На цырымоніі заслужаныя ўзнагароды знайшлі сваіх герояў. Ганаровае трэцяе месца і дыпломы III ступені падзялілі: майстар вытворчага навучання Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Маргарыта Пажыдаева, майстар вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Наталля Паўлоўская.

Серабро конкурсу і дыпломы II ступені заваявалі: майстар вытворчага навучання Наваполацкага дзяржаўнага палітэхнічнага каледжа Дзмітрый Цінькоў, майстар вытворчага навучання Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання імя Н. Карначонка Дыяна Коршак. Галоўная ўзнагарода — дыплом I ступені абласнога этапу рэспубліканскага агляду «Майстар года – 2026» — па праве дасталася майстру вытворчага навучання Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльнага каледжа Ірыне Васілевіч. Менавіта яна восенню гэтага года прадставіць паўночны рэгіён на рэспубліканскім этапе конкурсу.

"Віцебскія весці"