Адрес: 211722, г. Докшицы,
ул. Ленинская, д. 31
Телефон приемной:
8 (02157) 3-25-10 c 8.00 до 17.00
Телефон-факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная почта райисполкома:
rikdok@vitobl.by (для деловой переписки)
Першага верасня ва ўсіх школах раёна адбыліся ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя Дню ведаў. З самага ранку на іх спяшаліся па-святочнаму прыбраныя і абавязкова з кветкамі ў руках дзеці. З асаблівым настроем у школах сустракалі першакласнікаў.
У Докшыцкім раёне налічваецца 11 школ. Сёлета за парты селі 2257 дзяцей, у тым ліку 211 першакласнікаў. Ва ўстановы адукацыі прыйшлі працаваць шэсць маладых спецыялістаў – у Парплішчанскую, Бягомльскую сярэднія школы, а таксама ў СШ № 1 г. Докшыцы і сацыяльна-педагагічны цэнтр.
Адметнасцю першавераснёўскага свята для Бярозкаўскай дзіцячы сад-базавай школы з’яўляецца тое, што ўжо на працягу 18 гадоў сюды прыязджаюць ганаровыя госці з Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь. Гэты год таксама не стаў выключэннем. Павіншаваць дзяцей, бацькоў і педагогаў з Днём ведаў разам са старшынёй райвыканкама Алегам Кавалёнкам прыехалі міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, начальнік галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Валянціна Якімовіч, начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Сяргей Нікель, старшыня Бярозкаўскага сельскага Савета дэпутатаў Таццяна Славікоўская.
– Дзень ведаў – гэта вялікае свята, – адзначыла дырэктар школы Таццяна Ляцецкая. – І хаця ў школе не так шмат дзяцей, у нас ёсць чым ганарыцца. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе нашы вучні прынялі ўдзел у 48 разнастайных конкурсах, па выніках якіх атрымалі 22 прызавыя месцы. Спадзяёмся, што і сёлета дзеці будуць годна абараняць гонар школы, а бацькі і настаўнікі, у сваю чаргу, усебакова падтрымліваць іх у гэтым.
Свае віншаванні і падарункі для бярозкаўскіх хлопчыкаў і дзяўчынак прывёз міністр юстыцыі Сяргей Хаменка. Ён перадаў школе ламінатар, а таксама спартыўны інвентар.
– Мы жывём у самай лепшай краіне, – падкрэсліў міністр. – Маем стабільнасць, а гэта найперш мірнае неба над галавой і магчымасць вучыцца. Жадаю школьнікам ад працэсу атрымання ведаў толькі задавальнення, настаўнікам і бацькам – цярпення і ўсяго самага найлепшага.
Да віншаванняў таксама далучыўся Сяргей Нікель, які перадаў ад органаў прымусовага выканання Рэспублікі Беларусь грашовы сертыфікат на суму 2000 рублёў. Прысмакі і развіваючыя гульні дзеці атрымалі ад Валянціны Якімовіч, якая ўзначальвае пярвічную арганізацыю “Беларускі саюз жанчын” пры Мінюсце і, дарэчы, з’яўляецца выпускніцай Бярозкаўскай школы.
Асобную падзяку педагогам, якія ўкладваюць душу і сілы ў навучанне і выхаванне падрастаючага пакалення, выказаў старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак. Кіраўнік раёна пажадаў, каб новы навучальны год прынёс вучням добрыя адзнакі і шмат новых дасягненняў.
Па традыцыі на школьнай лінейцы старшакласнікі далі наказы самым меншым вучням. Урачыстасць завяршылася першым школьным званком, права даць які даручылі адзінай першакласніцы Ксеніі Цыбульскай і дзевяцікласніку Даніілу Зімяніну.
Пасля гэтага міністр юстыцыі Сяргей Хаменка пабываў на ўроку “Гістарычная памяць – дарога ў будучыню” і пагутарыў з вучнямі. Даведаўшыся з размовы, што дзеці вельмі шануюць памяць пра часы Вялікай Айчыннай вайны, Сяргей Мікалаевіч паабяцаў матэрыяльную падтрымку ў выпадку, калі школа арганізуе экскурсійную паездку на мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”.
Источник: https://www.dokshitsy.by/2022/09/uchenikov-beryozkovskoj-shkoly-dokshickogo-rajona-s-dnyom-znanij-pozdravil-ministr-yusticii-rb/