Докшицкий районный исполнительный комитет

Адрес: 211722, г. Докшицы,
ул. Ленинская, д. 31
Телефон приемной:
8 (02157) 3-25-10  c 8.00 до 17.00
Телефон-факс:
8 (02157) 3-25-11 
Электронная почта райисполкома:
rikdok@vitobl.by (для деловой переписки)

Фонтан на центральной площади Районный исполнительный комитет Костёл в г.Докшицы Автовокзал г.Докшицы
Фонтан на центральной площади
Районный исполнительный комитет
Костёл в г.Докшицы
Автовокзал г.Докшицы
Главная / Новости / Новости района
26 июня 2024

Прокуратуру Докшицкого района возглавил советник юстиции Ян Сосновский

26 чэрвеня – Дзень работнікаў пракуратуры

Пракуратуру Докшыцкага раёна 17 чэрвеня бягучага года ўзначаліў саветнік юстыцыі Ян Сасноўскі. У інтэрв’ю раённай газеце Ян Іванавіч расказаў, як прыйшоў у прафесію, які вопыт работы мае за плячыма і чаму так актуальна расследаваць крымінальную справу аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд.

– Ці паспелі, Ян Іванавіч, азнаёміцца з паказчыкамі дзейнасці докшыцкай пракуратуры за паўгоддзе?

– Зрабіў гэта ў першую чаргу і магу зазначыць, што мэтанакіраваная работа вопытных супрацоўнікаў пракуратуры – намесніка пракурора Надзеі Міцько і старшага памочніка пракурора Наталлі Піскуновіч – дазволіла дасягнуць вынікаў, якія спрыяльна паўплывалі на аператыўную абстаноўку на тэрыторыі раёна. Назіраецца зніжэнне ўзроўню злачыннасці, адсутнічаюць факты зарэгістраваных злачынстваў з боку непаўналетніх.

– Раскажыце, калі ласка, пра сябе.

– Родам з Глыбоччыны, у органах пракуратуры служу са жніўня 2007 года. Да гэтага падчас навучання ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь праходзіў практыку ў вопытных пракурорскіх работнікаў, у тым ліку ў Анатолія Мікалаевіча Сеўрукова, на той момант пракурора Глыбоцкага раёна.

Пачынаў працоўны шлях з выконваючага абавязкі следчага Дубровенскага раёна, дзе набыў вопыт па расследаванні асабліва цяжкіх злачынстваў: забойстваў, згвалтаванняў. Пазней знаходзіўся на розных пастах у пракуратурах горада Полацка і Глыбоцкага раёна. У Докшыцы перайшоў з пасады намесніка пракурора Глыбоцкага раёна. Працаваў практычна ва ўсіх галінах пракурорскага нагляду.

– Як прыйшлі ў прафесію?

– На выбар паўплывала выступленне ў маёй школе згаданага пракурора Сеўрукова. Гэта былі 90-я гады, крымінагенная сітуацыя на тэрыторыі рэспублікі была складанай – з павелічэннем фактаў забойстваў, нанясенняў цяжкіх цялесных пашкоджанняў са смяротным зыходам, нават рэкету ў асобных рэгіёнах, таму пракуратура прыкладала шмат намаганняў для таго, каб спыніць іх рост. Падчас той прафілактычнай гутаркі я зразумеў, што таксама хачу змагацца са злачыннасцю.

– Вас не пужала распаўсюджанае ў грамадстве меркаванне, што пракуратура – гэта ўсё ж у большай ступені карны орган?

– Пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным і аднастайным выкананнем заканадаўства прадпрыемствамі, арганізацыямі, установамі. Гэта, а таксама абарона правоў і свабод грамадзян – на першым месцы. Пракуратура шмат робіць для дасягнення названых мэт, у тым ліку абараняючы правы непаўналетніх, калі яны парушаюцца юрыдычнымі ці фізічнымі асобамі.

– Адна з самых запамінальных спраў у Вашай дзейнасці?

– Насамрэч рэзанансных спраў было шмат – па забойствах з асаблівай жорсткасцю, па іншых складаных злачынствах. Але я раскажу пра свой першы выезд на агляд месца здарэння, калі працаваў выконваючым абавязкі следчага ў Дубровенскім раёне.

Гэта было агромністае поле, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны ішлі баі. У час раскопак там знайшлі акопы з астанкамі савецкіх воінаў, якія загінулі, змагаючыся за Радзіму. Сотні, тысячы чалавечых касцей – апаленых, з пашкоджаннямі ад куль, снарадаў… Карціна ўражвала. Хацелася з годнасцю перазахаваць воінаў, што ў далейшым і зрабілі. І я яшчэ раз упэўніўся, што займаюся вельмі патрэбнай работай. У той раз яна дазволіла захаваць добрую памяць пра продкаў – патрыётаў і барацьбітоў за незалежнасць.

– Якраз да тэмы генацыду беларускага народа ў гады вайны. Як рухаецца расследаванне адпаведнай крымінальнай справы, узбуджанай у 2021 годзе?

– Расследаванне вядзецца як Генеральнай пракуратурай у цэлым, так і кожнай з пракуратур рэспублікі. Устанаўліваюцца новыя факты злачынстваў фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі. Напрыклад, на цяперашні момант даказана, што акупанты знішчылі 12 348 беларускіх вёсак, а гэта на 3148 больш, чым указвалася ў дакументах да ўзбуджэння крымінальнай справы.

На тэрыторыі Докшыцкага раёна супрацоўнікамі пракуратуры дапытана больш за 20 пацярпелых. На жаль, некаторыя з іх ужо пайшлі з жыцця. З гэтай прычыны расследаванне крымінальнай справы мае вялікую актуальнасць, бо інфармацыя кожнага відавочцы ваенных злачынстваў надзвычай важная для ўстанаўлення гістарычнай праўды і аднаўлення справядлівасці. Перад намі стаіць задача данесці здабытыя звесткі да нашчадкаў і не дапусціць распаўсюджвання новых праяўленняў фашызму.

– Вам пашанцавала займацца любімай справай. Што падкажаце маладым людзям, якія рашаюць, ці варта абіраць пракурорскі шлях? Якімі якасцямі неабходна валодаць?

– Пракурорскі работнік мае абвостранае пачуццё справядлівасці. Заўсёды сумняваецца дзеля таго, каб не памыліцца. Трэба быць добрапрыстойным, разумець іншых людзей, нават тых, што аступіліся. Работа ў пракуратуры патрабуе высокай прафесійнай падрыхтоўкі і адказнасці.

– Што адрасуеце калегам і ветэранам працы з нагоды Дня работнікаў пракуратуры?

– Самае галоўнае – заўсёднага душэўнага спакою, упэўненасці ў заўтрашнім дні, сямейнага дабрабыту, бо сям’я – гэта надзейны тыл. У гэты дзень адзначаюць прафесійнае свята і работнікі адвакатуры, таму таксама віншую іх і дзякую за плённае супрацоўніцтва. А жыхарам раёна жадаю жыць выключна згодна з законам.

Интернет-ресурсы