Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
6 лютага 2023

Алейнік: беларуская мадэль работы з афрыканскімі партнёрамі ў корані адрозніваецца ад заходняй


Беларуская мадэль работы з афрыканскімі партнёрамі ў корані адрозніваецца ад заходняй - яна прадугледжвае сумленныя, раўнапраўныя, узаемавыгадныя, узаемапаважлівыя адносіны, навучанне тэхналогіям і прызнанне разнастайнасці шляхоў развіцця. Аб гэтым заявіў журналістам міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік, гаворачы аб асноўных выніках візіту кіраўніка дзяржавы ў Зімбабвэ, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Наша мадэль работы з афрыканскімі партнёрамі ў корані адрозніваецца ад заходняй. Яны па-ранейшаму дэ-факта не могуць пазбавіцца ад устарэлых неакаланіяльных падыходаў, выцягваюць рэсурсы, усяляк спрабуюць захаваць Афрыку ў якасці своеасаблівага датацыйнага рэгіёна, хочуць не дапусціць яе ператварэння з аб'екта сусветнай геапалітыкі ў яе суб'екта, - сказаў кіраўнік МЗС. - Захад усімі сіламі спрабуе захаваць аднапалярную мадэль свету. Афрыка ж, можа, не ў бліжэйшай, але агляднай будучыні мае ўсе шанцы, каб сфарміраваць свой агульнаафрыканскі полюс глабальнай значнасці. Гэта значыць стаць адным з важнейшых полюсаў шматпалярнага светаўладкавання".

У адрозненне ад Захаду, Беларусь не зацікаўлена гэтаму перашкаджаць, канстатаваў ён. Наадварот, наша краіна гатова ўсяляк гэтаму садзейнічаць. "Таму першапачаткова мы выбудоўвалі наша ўзаемадзеянне і адносіны з краінамі Афрыканскага кантынента на сучаснай парадыгме шматпалярнага свету. Мы ствараем сумленныя, раўнапраўныя, узаемавыгадныя, узаемапаважлівыя адносіны, нясём тэхналогіі, навучаем людзей, прызнаём разнастайнасць шляхоў развіцця, прапануем розныя кааперацыйныя і інвестыцыйныя праекты, пры гэтым не ставім ніякіх дадатковых умоў", - падкрэсліў Сяргей Алейнік.

Ён поўнасцю падзяляе тэзіс кіраўніка беларускай дзяржавы аб тым, што без Афрыкі няма планетарнага развіцця. "Гэта абсалютная ісціна. Афрыка - другі пасля Еўразіі мацярык на планеце. Больш за паўтара мільярда насельніцтва. Шэраг краін гэтага рэгіёна вельмі дынамічна развіваецца, - падкрэсліў кіраўнік МЗС. - Усе ўладныя людзі, асноўныя краіны, выдатна гэта ведаюць, усведамляюць і спрабуюць заняць свае нішы на Афрыканскім кантыненце. Тут не проста прысутнічаюць, а актыўна канкурыруюць ЗША, Кітай, Індыя, Расія, краіны Еўрапейскага саюза. Менавіта таму яны вельмі сур'ёзна назіраюць за пашырэннем беларускага супрацоўніцтва з краінамі Афрыканскага кантынента".

"Гэты рэгіён няпросты - гэта таксама праўда, - прызнаў міністр. - Не кожная краіна можа дазволіць сабе тут працаваць. І нам не заўсёды і не ўсё лёгка даецца ў Афрыцы. Але мы даўно і планамерна выбудоўваем свае адносіны з краінамі Афрыканскага кантынента".

Сяргей Алейнік перакананы, што дзяржаўны візіт Прэзідэнта Беларусі ў Зімбабвэ якраз пацвердзіў перспектыву і правільнасць выбранай нашай краінай стратэгіі ў адносінах да дзяржаў Афрыканскага кантынента.