Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
11 красавіка 2022

Вучаніца СШ №1 г. Докшыцы стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове 

Марыя Казлоўская, вучаніца адзінаццатага класа СШ № 1 г. Докшыцы, стала пераможцай рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

Да гэтага высокага дасягнення Маша ішла з шостага класа пад кіраўніцтвам сваёй мамы – настаўніцы школы Марыны Вінальеўны. Працавалі многа і карпатліва, і вынікі не прымусілі сябе чакаць. Штогод дзяўчынка станавілася прызёрам школьных і раённых алімпіяд, у дзявятым класе атрымала дыплом ІІІ ступені на абласным этапе, у дзясятым – дыплом ІІ ступені на абласным і ІІІ ступені – на рэспубліканскім. І вось цяпер, на заканчэннні школы, як тлустая кропка на яе алімпіядным шляху: дыплом І ступені! Ды што кропка? Клічнікі!

– Не ўяўляю сабе, як далей буду без гэтага руху, – з лёгкім шкадаваннем у голасе гаворыць Маша. – Дагэтуль я займалася мовай і літаратурай кожны дзень – разбірала заданні, чытала, вучыла, дасягала пастаўленых мэт. Распрацавалі з мамай цэлую сістэму, каб глыбока і поўна ахапіць усе пласты прадметаў.

Менавіта мама заахвочвала яе да чытання і самаразвіцця. А калі некалькі гадоў таму адна з вучаніц Марыны Вінальеўны вярнулася з рэспубліканскага этапу алімпіяды з перамогай і Маша ўбачыла, як моцна была задаволена вынікам мама, дзяўчынка вырашыла: “Парадую яе гэтаксама!” І гэты самапасыл стаў эфектыўным матыватарам яе працы.

Заключны этап сёлетняй алімпіяды праходзіў у Магілёве, дзе ўдзельнікі, акрамя ўсяго, азнаёміліся са знакамітымі мясцінамі горада. Сама алімпіяда складалася з двух тураў: лінгвістычнага конкурсу і водгуку, прысвечанага гістарычнай памяці краіны, беларускай мове. Па апошнім наша прадстаўніца набрала максімальную колькасць балаў.

– Усе мы ад нараджэння маем каштоўны і неацэнны скарб – мову, – разважала яна. – Ад самай калыскі чуем трапяткія словы, а потым паўтараем іх за маці, якая імкнецца прывіць любоў да роднай мовы свайму дзіцяці. Пазней слова становіцца сродкам зносін, “быццам цэмент, звязвае людзей”, што цвёрда адзначала Цётка ў артыкуле “Шануйце роднае слова!”

Маша захапляецца грамадзянскай лірыкай, шчыра прывязана да маленькай радзімы.

– Ніколі не знойдзе чалавек месца на свеце, дзе зможа забыць свае карані, сваю духоўную спадчыну, – выказваецца яна. – “Беларусу і ў Парыжы сняцца белізна бяроз і сосен медзь”, – пісаў наш зямляк, славуты паэт Пімен Панчанка ў адным са сваіх твораў. І з гэтым пагодзіцца кожны патрыёт.

За вікторыю на алімпіядзе Марыя аўтаматычна атрымае сто балаў па мове без здачы цэнтралізаванага тэсціравання. А выкладчыкі БДУ ўжо запрашаюць яе і іншых прызёраў выбраць для паступлення філалагічны факультэт. Дзяўчына пакуль не ведае, ці стане яна, як мама, настаўніцай. Але ў тым, што родная мова заўжды будзе жыць у яе сэрцы, упэўнена.

Ніна КРУКОВІЧ.

Фота аўтара.