Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
28 кастрычніка 2021

Фельчар Бягомльскай райбальніцы больш за 40 гадоў ратуе людзей

Рыхтавалася стаць архітэктарам, але мама не пусціла. Хоць чарціла і малявала Алена лепш за ўсіх. А маме мроіліся белыя халаты, бачыла дачку медсястрой. Тая пагадзілася толькі на фельчара. «Фельчар на сяле амаль што лекар», - пераконвала сябе.

Патрапіла ў гарадскі пасёлак, і цяпер Алена Ціханавец - старэйшы фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Бягомльскай раённай бальніцы. Працуе тут ужо больш за сорак гадоў.

«Наша Леначка», - з цеплынёй завуць яе хворыя і адзначаюць, што лягчэй становіцца ўжо ад дакранання яе далоні.

Усяго ў аддзяленні працуюць чатыры фельчары і столькі ж кіроўцаў. На ўсіх адзін аўтамабіль.

У зоне абслугоўвання пражывае 4446 чалавек. Алена Вячаславаўна як старэйшая вядзе статыстычны ўлік. Вялікую долю складаюць выклікі на аказанне неадкладнай дапамогі хворым з высокім ціскам, з сардэчным, галаўным болем. Трохі меншую - экстраныя, звязаныя з няшчаснымі выпадкамі, пажарамі, дарожна-транспартнымі здарэннямі, утапленнямі.

Спачатку Алена моцна хвалявалася, калі ехала на выклік, а з вопытам навучылася трымаць сябе ў руках. Выключэнне - выезды на ДТЗ. А яны нярэдкія, бо побач шумная траса Мінск-Віцебск.

– Прыязджаеш, бывала, на месца аварыі, глядзіш на параненых і думаеш: а ў цябе ж толькі дзве рукі! - успамінае фельчар. - Не раз выцягвала людзей з рова, выступала псіхатэрапеўтам. Аўтамабіль - гэта металалом, супакойвала пацярпелых, якія гаравалі па разбітым транспарце. Страшна, калі з людзей косці тырчаць.

Не забудзе, як ратавала хлопца з пятнаццаццю нажавымі раненнямі, якія яму нанёс злачынец. Маладзенькі пацыент ачуўся толькі па дарозе ў бальніцу. «А, цётка Лена, - прамовіў, даведаўшыся, - значыць, жыць буду...» і сапраўды выжыў, у першую чаргу дзякуючы своечасовай граматнай дапамозе. За тое ратаванне яе ўзнагародзілі граматай.

Прафесіяналізм Алены быў адзначаны і на адным з абласных спаборніцтваў, дзе яна давала майстар-клас у тандэме з вадзіцелем Генадзем Бандарэнка. Разам яны паказалі сябе сапраўднай брыгадай і заваявалі трэцяе месца.

Падабаецца працаваць і з кіроўцам Ігарам Міхайлавым, які таксама разумее яе з паўслова, бездакорны памагаты пры транспартаванні хворых.

Ёсць у Алены захапленне ўсяго яе жыцця - песня. Мабыць, палова нашай размовы і была прысвечана музыцы, настолькі яна хвалюе жанчыну. Распавяла, што спявала ў школе, у вучылішчы, выступала на раённай і абласной сцэнах, у складзе бальнічнай групы не аднойчы станавілася прызёрам песенных конкурсаў.

Душэўны, чуллівы чалавек - на працы і наогул у жыцці. Корміць вандроўных бягомльскіх катоў, якія ўжо здалёк пазнаюць яе голас. «Ратавальніца жывога свету», - гавораць пра яе.

Ніна КРУКОВІЧ

Фота аўтара

https://www.dokshitsy.by/2021/10/feldsher-begomlskoj-rajbolnicy/