Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
1 лістапада 2021

Дзень адчыненых дзвярэй прайшоў у сядзібах Докшыцкага раёна

У мінулую суботу ў аграсядзібах Беларусі прайшоў «Дзень адчыненых дзвярэй». Да традыцыйнага мерапрыемства далучыліся і тры з трынаццаці аграсядзіб нашага раёна: «Маргавіца», «У Таццяны» і «Лясная здраўніца», якія размешчаны ў Бягомльскім сельсавеце.

Знаёмства з цікавымі месцамі для адпачынку на Докшыччыне пачалося з сядзібы «Маргавіца». Яе назва сугучна з вёскай, якая знаходзіцца побач. Дарэчы, менавіта гэта акалічнасць і прывяла да вызначанага месца, бо таблічка з паказальнікам каля аўтамабільнай трасы зусім незаўважная.

Прыгожы драўляны будынак з асобнымі нумарамі, банкетнай залай і агульнай для ўсіх адпачываючых кухняй узвышаецца на беразе невялікага штучнага возера. Нядаўна яго аблюбавалі лебедзі, якія часта залятаюць сюды і тым самым дадаюць наваколлю непаўторнай прыроднай прыгажосці. У вадаёме шмат рыбы, якую турыстам прапануецца палавіць. Аматары актыўнага адпачынку могуць прагуляцца вакол возера, а ў бліжэйшай будучыні праехацца з ветрыкам на веласіпедах. Разыначкай такой прагулкі з'яўляецца і тутэйшы вадаспад. Няхай вышыня яго ўсяго толькі метр, аднак і такі невялікі бурлівы паток зачароўвае і супакойвае.

Але самым уражлівым момантам знаёмства з выгодамі аграсядзібы стала не экскурсія па камфартабельных нумарах, банкетнай зале і лазні, якія, дарэчы, добраўпарадкаваны і для адпачынку людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а каняферма. Пакуль што прыгажуноў на ёй можна пагладзіць, пакарміць, але ў планах гаспадароў навучыць іх хадзіць пад сядлом. Уся іншая жыўнасць - куры, гусі, індыкі, авечкі - гэта вытворчасць экалагічна чыстай прадукцыі для забеспячэння адпачываючых смачнай і карыснай ежай.

Аграсядзіба «У Таццяны», што ў вёсцы Дамашковічы, некалькі разоў была лаўрэатам абласнога конкурсу на лепшую аграсядзібу ў намінацыі «Гасціннасць». Яна і сёння вабіць турыстаў менавіта гэтай асаблівасцю. Некаторых вабіць блізкае размяшчэнне санаторыя «Лясное»: можна пешшу хадзіць на розныя аздараўленчыя працэдуры. У агульным, за столькі гадоў існавання - а аграсядзіба «У Таццяны» адна з першых, што стала дзейнічаць у раёне - тут ёсць свае пастаянныя кліенты. Як заўважае гаспадыня, нават ужо і не кліенты, а сябры.

Апошні пункт экскурсіі - «Лясная здраўніца» ў вёсцы Отруб. Высокае збудаванне сіняга колеру сярод стройных беластвольных бяроз спачатку насцярожыла: больш звыкла, калі аграсядзіба - гэта драўляны дом, падобны на церамок.

Скандынаўскі стыль «Лясной здраўніцы», мінімалізм ва ўсім абраны гаспадарамі нездарма. Усё зроблена спецыяльна для таго, каб чалавек, які адпачывае тут, максімальна, і целам, і духам, зблізіўся з прыродай. Тэрыторыя з міні-гасцініцай і лазневым комплексам вольная ад алкаголю, тытунекурэння, шуму і мітусні. Наведвальнікам прапануюцца праграмы аздараўленчага галадання, заняткі ёгай, семінары па сямейнай псіхалогіі. Дзейнічае летнік для дзяцей 6-16 гадоў. Дарэчы, дзіцячыя інтэрактыўныя пляцоўкі тут усюды. І ўсе яны зроблены рукамі саміх дзяцей разам з бацькамі.

Харчаванне ў сядзібе вегетарыянскае. У здаровым меню, напрыклад, катлеты толькі з сачавіцы. Сярод напояў карыстаецца папулярнасцю гаючы чайны «Бярозавая чага». Смузі з садавіны, якiм тут жа пачаставалі гаспадары, усім спадабалася. Пасля «перакусу» - абавязковая прагулкi у лесе па сцежцы здароўя, абсталяванай на месцы былой вузкакалейкі. У адзін бок яна цягнецца да санаторыя «Лясное», у іншы, праз кіламетраў пятнаццаць, - рака Бярэзіна.

– Кожная сядзіба, якую наведалі ў дзень адчыненых дзвярэй, па-свойму ўнікальная, - заўважыла старшыня ФСК «Ураджай» Ірына Маркавіч. - Адпачынак можна знайсці на любы густ. І ўсё побач, у сваім раёне. І ўсё годна ўвагі. Важная задача турыстычнай галіны сёння - удасканаліць інфраструктуру, каб турысту было камфортна. Тады аб'ект будзе папулярны.

Яўгенія МАЛЕВІЧ

Фота аўтара

Крыніца: https://www.dokshitsy.by/2021/10/v-usadbax-dokshickogo-rajona/