Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
23 ліпеня 2021

Докшычане ўзялі ўдзел у «Славянскім базары ў Віцебску»

Юбілейны ХХХ Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» амаль на тыдзень ператварыў горад над Дзвіной у вялізную музычную пляцоўку. Каля пяці тысяч артыстаў з 33 краін свету ўдзельнічалі ў адным з галоўных культурных форумаў Рэспублікі Беларусь. Сярод іх і прадстаўнікі Докшыцкага краю, выступленні якіх на разнастайных пляцоўках фестывальнага Віцебска сталі не толькі яго ўпрыгожваннем, але і былі адзначаны шматлікімі ўзнагародамі ў творчых конкурсах.

Першымі свае заслужаныя ўзнагароды атрымалі дзяўчаты з узорнага ансамбля барабаншчыц і мажарэтак «Step-Beat» Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага, якія пад кіраўніцтвам Святланы Яцына ўжо не аднойчы станавіліся пераможцамі на «Славянцы». У гэтым годзе іх скарбонка ўзнагарод папоўнілася дыпломамі лаўрэатаў І і ІІ ступеняў у некалькіх намінацыях IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу барабаншчыц і мажарэтак у рамках ХХХ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», які ў гэтым годзе сабраў каля 700 барабаншчыц з розных куткоў Беларусі і Расіі. Лаўрэатам у некалькіх намінацыях стала ўдзельніца ансамбля Анастасія Шавель.

Сваё музычнае майстэрства на адной з пляцовак віцебскага фестывалю прадэманстраваў і ўзорны аркестр баянаў і акардэонаў дзіцячай школы мастацтваў. Папуры з дзіцячых песень з вядомых савецкіх мультфільмаў сабрала шмат гледачоў абласнога конкурсу аркестраў народных інструментаў «Спяваем з аркестрам».

Дыплом І ступені абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Карагод зямлі беларускай» прывезлі са «Славянскага базару у Віцебску» ўзорныя вакальная студыя «Тоніка» і харэаграфічны калектыў «Сюрпрыз» раённага Цэнтра дзяцей і моладзі. Разыначкай выступлення юных артыстаў стаў танцавальны флэш-моб, які аб'яднаў усіх удзельнікаў конкурсу ў карагод пад вядомую беларускую песню «Купалінка».

У гэтым годзе «Горад майстроў» сабраў каля 280 рамеснікаў з розных краін.

Па даўняй традыцыі свае маляўнічыя вырабы на ім прадставілі майстры Докшыцкага дома рамёстваў. Акрамя гэтага, Віктар Гарбачоў, Таццяна Гаварцова і Таццяна Марціновіч удзельнічалі ў абласным свяце-конкурсе народнай цацкі і лялькі «Забава-2021» і сталі яго пераможцамі.

На працягу многіх гадоў прадстаўнікі ўсіх раёнаў Віцебшчыны з'язджаюцца падчас «Славянскага базару» ў Віцебск, каб пазнаёміць з традыцыямі, абрадамі, народнай творчасцю сваёй малой радзімы. На Докшыцкі падворак лепшыя творчыя калектывы раёна прэзентавалі тэматычную брэндавую пляцоўку, прысвечаную Году народнага адзінства. Пад гукі гармонікі запрашалі на яе народны ансамбль народнай песні «Раніца», салісты народнай эстраднай студыі «Калейдаскоп», дзяўчаты з народнага вакальнага ансамбля «Вярба» Докшыцкай ДШМ і артысты Докшыцкага народнага тэатра. Вельмі спадабаўся Віцебскай публіцы інструментальны дуэт «Фантазія». Шмат жадаючых было паспрабаваць смачныя стравы нацыянальнай беларускай кухні, прыгатаваныя гаспадынямі з народнага клуба нацыянальнай кухні і гульні «Шчадроўка». Творчыя працы прадставіў раённы ЦДiМ. Выставу-продаж арганізаваў хлебазавод.

Танцавальныя пары - Яўген і Марыя Кiмстач, а таксама Уладзімір Чыкун і Марына Мацюшонак - з Ваўкалацкага СДК удзельнічалі ў адкрытым турніры нацыянальных танцаў «Танцуем разам». Вянок беларускіх казак у праекце «Лялечны дворык» паказалі артысты Докшыцкай батлейкі Патупчыка.

Традыцыйнымі на Міжнародным фестывалі мастацтваў з'яўляюцца Дні моладзі. Пачалося свята юнакоў і дзяўчат арт-парадам «Беларусь адзіная!». Актывісты РК ГА «БРСМ» сталі ўдзельнікамі рэспубліканскай патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае. Памятае кожнага».

У рамках фестывалю адбыліся адкрытыя абласныя спаборніцтвы па гіравым спорце «Кубак губернатара», у якіх удзельнічала каманда спартсменаў з нашага раёна ў складзе Яўгена Раманоўскага і Андрэя Аверына. Кожнаму за хвіліну трэба было падняць 32-кілаграмовую гіру, што ўскладнялася гарачым надвор'ем. Але сапраўдным асілка павінна быць усё па плячы, што і даказвалі спартсмены, падкідваючы, на першы погляд, непад'ёмны груз, як мячык.

 

Яўгенiz Малевіч

Фота з асабістага архіва