Докшицкий районный исполнительный комитет

Адрес: 211722, г.Докшицы,
ул.Ленинская д.31
Телефон приемной:
8 (02157) 2-10-45  c 8.00 до 21.00
Телефон-факс:
8 (02157) 2-10-61 
Электронная почта райисполкома:
rikdok@vitebsk.by

Костёл в г.Докшицы Фонтан на центральной площади Автовокзал г.Докшицы Районный исполнительный комитет
Костёл в г.Докшицы
Костёл в г.Докшицы
Фонтан на центральной площади
Автовокзал г.Докшицы
Районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
8 апреля 2016

Воспоминаниями о Великой Отечественной войне поделилась малолетняя узница Ольга Лях из Докшицкого района

Звычайна выснову выносяць у канец артыкула. Але ў выпадку з сённяшняй гераіняй, менавіта з яе хацелася б пачаць. Вользе Лях (на здымку) з Вілейкі ўвосень будзе дзевяноста. Лёс ёй дастаўся гаротны, аднак да сённяшняга часу бабуля захавала шчырую веру ў волю Бога і не скардзіцца Яму на жыццё. Многім вядомая прыпавесць пра тое, што кожны нясе крыж па сваіх сілах. Якім быў крыж гэтай жанчыны? Мяркуйце самі.

Волечка нарадзілася ў Вілейцы ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя. У сям'і была сярэдняй. Гадавалася не лепш і не горш за іншых. Адно, што вылучала сям'ю, – гэта вялікая набожнасць маці, якая перадавала яе дзецям. Калі пачалася Вялікая Айчынная, дзяўчынка хадзіла ў пяты клас…

…Вольга Макараўна заплюшчвае вочы. Здаецца вось-вось пабяжыць слязінка па зморшчынкам. Але жанчына стрымліваецца, уздыхае і кажа:

– Цяжка было, дзеткі, у вайну: і напачатку, і потым. Але самае страшнае, што помню, як вёску нашу палілі, а мы з сястрою трапілі ў нямецкі палон. Вестка, што немцы ля Вілейкі, разляцелася ў той вясновы дзень 1943 года страшным гулам. Мама схапіла браціка, сясцёр, мяне і подбегам кінулася ў лясок. Беглі мы босымі, аднак болю не адчувалі. Толькі б выжыць. Вёску падпалілі, але хаты чапалі не ўсе, а выбарачна. У агні гінулі людцы, якія не паспелі схавацца і ўцячы. Цэлыя сем'і. З дзеткамі маленькімі. Ой, як так людзі з людзьмі могуць, скажыце мне? – на гэты раз бабуля не стрымлівае слёз.

Гісторыя, між тым, працягваецца. Фашысты знайшлі сям'ю Вольгі Макараўны ў лесе. Яе і старэйшую сястру пагналі ў палон. Матулю з малодшымі пакінулі, не чапалі.

Падлеткаў, быццам жывёлу, пагрузілі ў таварняк. Ехалі шмат часу. Было і холадна, і голадна, усяляк. Многія не вытрымлівалі дарогі.

Ужо ў Германіі іх разбіралі баўэры.

– Я трапіла ў гарадок Віперфюрт, які быў недалёка ад Кёльна. Сястру забралі іншыя гаспадары. Не буду крывіць душой і нагаворваць на немцаў, у якіх пражыла два гады, – адносіліся да мяне па-чалавечы. Канечне, работы было шмат: яны трымалі вялікую гаспадарку, адных толькі кароў было сем. Працавала шмат, дзетак даглядаць дапамагала. Аднак мяне, у адрозненне ад сястры, не білі і голадам не марылі. Гаспадыня нават некалькі разоў брала з сабой у кірху і паездкі. Больш таго, калі мая сястра ў чарговы раз збегла ад сваіх гаспадароў і трапіла ў турму, фраў нейкім чынам даведалася, дзе яна, і забрала да сябе. Так што, калі прыйшлі саюзнікі, мы з сястрой ужо жылі пад адным дахам. Вызвалілі нас вясной, а ў Вілейку трапілі толькі к верасню. Дарога дадому была доўгай. Хаця і шмат гадоў мінула з тае пары, добра памятаю, як упершыню ўбачыла пасляваенны Мінск: ён і праўда быў у руінах. Страх! Вы, дзеткі, пра гэта, дзякуй богу, не ведаеце, але вялікая хвала тым, хто адбудаваў і Мінск, і ўсю Беларусь. Я некалькі гадоў таму была ў сталіцы, унучка вазіла ў госці. Вакол такая прыгажосць!.. Успомню, што бачыла ў 1945, і радуюся таму, што ёсць зараз. Цаніце гэта, дзеткі, цаніце.

На гэтым можна было б і скончыць гісторыю малалетняй вязніцы Волі Лях, каб не адно "але". Мірнае жыццё ёй паслала не меншыя іспыты.

Як напамін аб зверстве фашызму, на ўскрайку Вілейкі помнік спаленым вяскоўцам.

Пасля вайны яна пабралася шлюбам з мясцовым хлопцам, сям'ю якога таксама знішчылі карнікі. Пабудавалі ў Вілейцы хату, нарадзілі дзяцей, працавалі ў гаспадарцы. Здаецца, жыві і радуйся. Аднак спачатку не стала ў сям'і гаспадара. Вольга Макараўна адна паднімала траіх дзяцей, а потым здарылася і ўвогуле страшнае. Яе дачка разам з мужам і двума малодшымі дзеткамі загінулі ў пажары… Двое старэйшых выратаваліся, і бабуля Волька забрала сірот да сябе. Так і гадавала ўнукаў, як асабістых дзетак. Некалькі гадоў таму з жыцця пайшоў яшчэ адзін сын Макараўны…

…Пад шклом у шафе каляровыя фотаздымкі: юнакі, дзяўчаты, маладыя, дзеці.

– Гэта ўсё – мае ўнучакі, іх восем, і праўнукаў ужо дзевяць маю, – усміхаецца бабка Волька. Добрыя яны ў мяне, прыязджаюць, не забываюцца. А я дзякую Богу за жыццё. Каб не ён – жанчына паварочваецца да кута з абразамі – не ведаю, як выжыла б.

Интернет-ресурсы