Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
13 ліпеня 2020

У Докшыцкім раёне прайшоў велапрабег «Беларусь - крыніца натхнення»

Пад такой назвай у раёне адбыўся велапрабег, па традыцыі арганізаваны БРСМ напярэдадні Дня Незалежнасці. Як і заўсёды, ён быў насычаны цікавымі сустрэчамі, знаёмствамі і падзеямі. Падчас велавандроўкi можна было не толькі добра адпачыць, але і паўдзельнічаць у шэрагу акцый, ініцыяваных маладзёжнай арганізацыяй.

На плошчы перад ГЦК пад дробны дожджык збіраліся групамі веласіпедысты. Сярод іх - школьнікі і працоўная моладзь. Супрацоўнік РАНС Юрый Навіцкі кожны год у ліку тутэйшых актывістаў. Ёсць і прадстаўнікі такіх грамадскіх арганізацый, як прафсаюзы і «Белая Русь». Іх белыя шалікі і блакітныя камізэлькі расквечваюць па-святочнаму шэрэнгу. Са словам на дарогу тым, хто вырашыў пракласці маршрут па малой радзіме ў тандэме з ветрыкам, звяртаецца намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, і група рухаецца па вызначаным плане.

Першы прыпынак - раённы Дом рамёстваў. Тут гасцей чакаюць мясцовыя майстрыхі з падрыхтаванымі для майстар-класа матэрыяламі. Наталля Пятровіч і Таццяна Гаварцова дэманструюць пляценне бранзалетаў-кудменяў з рознакаляровых баваўняных нітак. Жадаючыя тут жа падхопліваюць прапанаваную забаву, і вось ужо праз некалькі хвілін на руках у спартсменаў з'яўляюцца самаробныя абярэгі.

Чакаюць ўдзельнікаў велапрабегу і ў раддоме ЦРБ. Па даўняй традыцыі тут віншуюць маці, якія нарадзілі дзяцей напярэдадні Дня Незалежнасці. Невыпадкова немаўлятам дорацца камплекты з беларускай вышыванкай, свята якой адзначаецца як раз другога ліпеня. Зараз у радзільным аддзяленні дзве парадзіхі - Алена Жусель-Бяльковіч і Марына Жданько. Ім сюрпрыз ад маладзёжнай арганізацыі пазней перадасць медсястра Жанна Машынская, якая і сустракае веласіпедыстаў.

- Адна з галоўных мэт велапрабегу - выхаванне павагі да традыцый і гістарычнага мінулага нашай Радзімы, - кажа лідэр РК ГА «БРСМ» Вікторыя Ждановіч, - а таму зараз мы адпраўляемся да воінскага пахавання на могілках Блонь.

У помніка пецярым невядомым савецкім салдатам - хвіліна маўчання. Здаецца, нават несуцішныя спевы птушак на гэты момант сціхлi. Пасля ўскладання кветак рушылі далей: наперадзе чакаюць 15 кіламетраў да храму ў гонар апосталаў Пятра і Паўла ў Паўднёвым Гняздзілава.

- Добра, што пакуль сонца схавалася за аблокамі, і пахмурнае надвор'е дапаможа пераадолець патрэбны маршрут без асаблівага напружання, - заўважае дырэктар Докшыцкай ДЮСШ Марына Ермаковіч, якая таксама сярод велападарожнікаў. І сапраўды, з горкі на горку, ад Туркоў да Атрубка - і за лясочкам на гарызонце застракацела рознакаляровымі дахамі Гняздзілава.

У царквы гасцей з райцэнтра гасцінна сустракаюць святар Віктар Гмiр і мясцовая жыхарка Валянціна Карпека. Размова з бацюшкам пра справы надзённыя дапамагае раварыстам не толькі аднавіць дыханне. Думкі ўслых пра любоў да сям'і і Радзімы, аб веры і вернасці кранаюць кожнага, прымушаюць задумацца пра сэнс жыцця. Пасля такога духоўнага адпачынку папрацаваць - самае тое. Пакуль дзяўчаты змагаюцца з пустазеллем ў кветніку каля храма, мужчынская палова аднаўляе агароджу. Праз гадзіну тэрыторыя добраўпарадкавана, а турысты зноў сядлаюць сваіх жалезных коней, каб паспытаць гаючай вады з крыніцы каля вёскі Буй, што непадалёк. Але даехаць да яе змаглі нямногія - па пясчанай дарозе рабіць гэта нялёгка. Нават прыйшлося звярнуцца па дапамогу да падарожнага, калі на адным з ровараў адвалілася ад напружання педаль.

Прагнаўшы смагу сцюдзёнай вадой, рушылі ў зваротны шлях. У гэты час сонца ўжо пачало паліць неміласэрна - і асфальт, і плечы. Ад стомы некалькім турыстам давялося сысці з дыстанцыі.

- На такі выпадак шарэнгу заўсёды суправаджае машына, у якую можна і чалавека перасадзіць, і ровар загрузіць, - супакойвае старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў Ядвіга Шульгат. - Сёлета аўтамабіль вылучыў філіял «Докшыцыводаканал». Хлебазавод дапамог з прысмакамі на перакус. Бяспеку падчас велапрабегу забяспечваюць супрацоўнікі ДАІ і медсястра.

Велавандроўка ўжо ў мінулым, але на памяць ад яе засталіся прыемныя ўражанні і шэраг фотаздымкаў на сайце «Родных вытокаў».

Яўгенiя Малевіч.

Фота аўтара.

Крыніца: dokshitsy .by