Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 3-25-10 з 8.00 да 17.00
Факс:
8 (02157) 3-25-11
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
9 верасня 2021

Докшыцкі ЦБП ААТ «Белаграпрамбанк» 30 гадоў абслугоўвае кліентаў

Адкрытае акцыянернае таварыства «Белаграпрамбанк» святкуе 30-годдзе з дня свайго ўтварэння. У Докшыцкім раёне ў дадзены момант працуе разлікова-касавы цэнтр банка. Будучы юбілей - гэта годная нагода расказаць пра яго дзейнасць.

Сёння ААТ «Белаграпрамбанк» прадстаўлены Цэнтрам банкаўскіх паслуг, які з 2018 года ўзначальвае Алена Шугальская. У структуру ЦБП, дзе працуе 9 чалавек, уваходзяць сектар карпаратыўнага бізнесу і аддзел рознічных продажаў. Асноўная задача, над якой працуе калектыў, - гэта падтрымка малога і сярэдняга бізнесу ў рэгіёне, укараненне лічбавых тэхналогій у абслугоўванне кліентаў. Усім 144 карпаратыўным кліентам прадастаўлены паслугі Інтэрнэт-кліента і мабільнага банкінгу. Аказваюцца пасрэдніцкія паслугі па страхаванні маёмасці, усталяванні і суправаджэннi праграм бухгалтарскага уліку. Пры адсутнасці тэхнічнай магчымасці на месцах, карпаратыўнаму кліенту выдаленае працоўнае месца прадастаўляецца непасрэдна ў банку.

Пачынаючы з 2018 года ажыццяўляецца фінансаванне інвестыцыйных праектаў на набыццё транспартных сродкаў прыватнымі грузаперавозчыкамі, трактароў, ферм па праграме «Паспяховы фермер» - сялянска-фермерскімі гаспадаркамі, а таксама фінансуюцца суб'екты аграэкатурызму, Бягомльскі лясгас, які набыў новае абсталяванне за кошт замежных крэдытных ліній.

Крэдытны партфель па юрыдычным асобам, у якім 85,5 адсотка складае аграпрамысловы комплекс раёна, у гэтым годзе сфарміраваўся ў памеры васьмі мільёнаў рублёў. Для нарошчвання рэсурснай базы на пастаяннай аснове ў тэрміновыя банкаўскія ўклады прыцягваюцца грашовыя сродкі фінансавага аддзела райвыканкама, сельвыканкамаў, а таксама суб'ектаў гаспадарання.

Ад прыцягнутых сродкаў у рэгіёне 35 адсоткаў складаюць сродкі насельніцтва. З 2018 года ЦБП удзельнічае ў фінансаванні будаўніцтва жылых дамоў згодна Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 240 і працягвае гэту працу сёння.

Усё большую папулярнасць набывае Інтэрнэт-эквайрынг, які ўсталяваны тром кліентам (санаторый «Баравое», рэдакцыя газеты «Родныя вытокі», СП «Лайкпол»). Актыўна ўкараняецца дыстанцыйнае line-абслугоўванне (адкрыццё ўкладаў, заяўкі на крэдыт, перавыпуск карт, выплата плацяжоў), якое не патрабуе наведвання банкаўскай установы.

Як сведчыць гісторыя існавання Белаграпрамбанка на Докшыччыне, яго дзейнасць, якую ўвасаблялі ў жыццё адказныя, высокапрафесійныя спецыялісты, заўсёды была накіравана на развіццё раёна.

Гісторыя Белаграпрамбанка, як вядома, пачалася яшчэ ў савецкі час, калі ў першыя гады савецкай улады быў утвораны яго папярэднік Дзяржаўны банк. У Докшыцах, якія ўвайшлі ў склад БССР толькі ў 1939 годзе, яго аддзяленне з'явілася адразу ж пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе. Банк праводзіў безнаяўныя разлікі, кіраваў наяўна-грашовым абаротам, ажыццяўляў кароткатэрміновае крэдытаванне ўсіх галін народнай гаспадаркі і доўгатэрміновае - сельскай гаспадаркі, куплю-продаж каштоўных папер і іншыя фінансавыя аперацыі.

Старажылы ўспамінаюць, што ў першыя пасляваенныя гады аддзяленне банка размяшчалася ў драўляным доміку, якому атрымалася перажыць два пажары ў гады вайны, па вуліцы Палявога, побач з ваенкаматам. Будынак быў настолькі старым, што ўзімку працавалі ў верхняй вопратцы. А летам у пакоі, дзе была каса, праз дзіркі ў падлозе вырасла маліна. Першы час банкаўскае справаводства запісвалі хімічным алоўкам на адваротным баку польскіх і нямецкіх свірнавых кніг. З падліковага абсталявання былі толькі драўляныя лічыльнікі. Вельмі складана было з кадрамі. У асноўным банкаўскія работнікі мелі толькі школьную адукацыю. Вучыліся на практыцы і рабілі гэта з вялікім энтузіязмам і жаданнем, як і ўсе людзі таго часу, якія перажылі страшную вайну, хацелі хутчэй аднавіць народную гаспадарку, і банк у гэтым быў ім адным з першых памочнікаў. Сярод першых работнікаў Галіна Муха, Раіса Васілевіч, Марыя Русаковіч, Марыя Абуховіч, Роза Купер, Ніна Мiнчонак, Леаніда Касцюк, Галіна Спiчонак, Зінаіда Будзько, Уладзімір Гушчык, Еўдакія Сварцэвiч, Галіна Паўлючэнка, Ганна Мароз.

Вялікай радасцю стала будаўніцтва ў Докшыцах гасцініцы ў пачатку 60-х гадоў. У гэтым будынку некалькі пакояў было выдзелена банку, які ажыццяўляў абслугоўванне ўсіх юрыдычных асоб на тэрыторыі раёна. У яго структуры былі бухгалтэрыя, крэдытны аддзел, каса. Аляксандра Дзянісавіча Хілько на пасадзе кіраўніка змяніла Аляксандра Сяргееўна Мядзведская. Пасля аднаўлення Докшыцкага раёна ў сучасных межах у 1965 годзе банк узначаліў Валянцін Кузьміч Каляга. У калектыў прыйшлі Станіслаў Кір'яцкі, Ніна Берасцевіч, Святлана Розран, Іван Кеда, Сцяпан Аземблоўскі, Надзея Козел.

1968 год у гісторыю ўвайшоў тым, што падарыў тыпавы будынак, у якім банк знаходзіцца да цяперашняга часу. У ходзе правядзення гаспадарчай рэформы адбыліся змены і ў дзейнасці, звязаныя з крэдытаваннем і разлікамі, з планаваннем і рэгуляваннем грашовага звароту, фінансаваннем капіталаўкладанняў і арганізацыяй ашчаднай справы. Ручную працу банкаўскіх работнікаў палегчыла першая машынна-падліковая станцыя. Наступныя дзесяцігоддзі - гэта час, напоўнены працоўнымі здзяйсненнямі. У 1976 году касе Докшыцкага аддзялення Дзяржбанка было прысвоена званне «Калектыў камуністычнай працы». А затым па выніках працоўнай дзейнасці некалькі гадоў запар (1983, 1985, 1987 гг.) калектыў узнагароджваўся Ганаровай граматай Дзяржаўнага банка СССР. Усе гэтыя гады яго ўзначальваў нязменны кіраўнік Уладзімір Васільевіч Гушчык. Галоўнымі бухгалтарамі вялікі перыяд часу былі Еўдакія Дзмітрыеўна Сварцэвiч і Галіна Міхайлаўна Спiчонак. З банкам у гэты час звязалі сваё жыццё Юзэфа Іванаўна Паляк, Надзея Аляксееўна Гаўрыловіч, Надзея Якаўлеўна Парцянка, Валянціна Міхайлаўна Харытонава, Алена Пятроўна Купрэвіч, Алена Аркадзьеўна Рыбчынская, Ганна Канстанцінаўна Малько, Клаўдзія Іванаўна Парцянка, Мікалай Паўлавіч Сварцэвiч, Элеанора Сцяпанаўна Сіўцэвіч, Марыя Эдвардаўна Парневiч, Леаніда Сідараўна Баравікова, Марыя Уладзіміраўна Малюжэнец, Ефрасіння Васільеўна Кучко, Ірына Ігнацьеўна Парцянка, Ірына Міхайлаўна Мацюшонак. Юнымі дзяўчынкамі прыйшлі ў банк Вольга Аніськовіч і Валянціна Ждановіч, якія пасля сталі кіраўнікамі.

З 1991 года пачалася новая гісторыя ўжо акцыянернага камерцыйнага банка «Белаграпрамбанк», які кантралюецца дзяржавай. Калектыў Докшыцкага аддзялення ў новых умовах па-ранейшаму працягваў працаваць стабільна і паспяхова.

У 1998 годзе, калі была створана служба інкасацыі, у ім налічвалася 40 работнікаў. Высокапрафесійныя спецыялісты ўмелі не толькі выконваць як след службовыя абавязкі, але і актыўна адпачываць, займацца грамадскай дзейнасцю. Выпускалі насценгазету, арганізоўвалі экскурсіі, адпачывалі разам на прыродзе, удзельнічалі ў конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. Пасля праведзенага ў пачатку 90-х гадоў рамонту будынак банка змяніў свой знешні выгляд, апрануўся «ў футра». Унутраныя касметычныя рамонты праводзіліся неаднаразова. Апошні капітальны рамонт будынка ў 2009 годзе зрабіў яго цалкам адпаведным сучаснаму дызайну і патрабаванням сённяшняга дня. У 2003 годзе пасаду кіраўніка заняла Вольга Віктараўна Аніськовіч.

Праз тры гады аддзяленне было рэарганізавана у разлікова-касавы цэнтр №40. У 2012 годзе РКЦ узначаліла Валянціна Вітальеўна Ждановіч, якая знаходзілася на гэтай пасадзе да канца 2017 года.

Тамара Альшэўскага

Фота Аляксандра Варанковіча

Крыніца: https://www.dokshitsy.by/2021/09/dokshickij-cbu-oao-belagroprombank-30-let/