Адрес: 211720, г.Докшицы,
ул.Ленинская д.31
Телефон приемной:
8 (02157) 2-10-45  c 8.00 до 21.00
Телефон-факс:
8 (02157) 2-10-61 
Электронная почта райисполкома:
rikdok@vitebsk.by

Фонтан на центральной площади Костёл в г.Докшицы Автовокзал г.Докшицы Районный исполнительный комитет
Фонтан на центральной площади
Фонтан на центральной площади
Костёл в г.Докшицы
Автовокзал г.Докшицы
Районный исполнительный комитет
Главная / Новости / Новости района
4 декабря 2018

Докшицкий народный ансамбль «Раніца» празднует 30-летний юбилей

Славуты калектыў святкуе сваё 30-годдзе. Тры дзясяткі гадоў ён прадстаўляе раён на шматлікіх конкурсах і фестывалях, сустракае прадстаўнічыя дэлегацыі, што прыязджаюць на Докшыччыну, прымае ўдзел практычна ва ўсіх раённых святах.

Ансамбль узнік на хвалі адраджэння народных традыцый, песеннага і музычнага мастацтва, якое захапіла самасвядомасць беларусаў, пачынаючы з другой паловы 80-х гадоў. “Раніца” – адзін з першых ансамбляў, арганізаваных у вобласці, у рэпертуары якога выкарыстоўваліся народныя песні і мелодыі. Пазней такія калектывы з’явіліся практычна ў кожным раёне.
Нязменны кіраўнік “Раніцы” – тагачасны загадчык аддзела культуры Уладзімір Пусташыла уклаў у сваё дзіця ўвесь талент высокапрафесійнага музыканта, спевака, арганізатара. Таму не дзіўна, што ўжо праз чатыры гады ансамбль атрымаў званне “народны”. У гэтым, як лічаць у калектыве, ёсць і вялікая доля працы залужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, легендарнага Івана Серыкава. Ён надаў ансамблю акадэмічныя рысы, паставіў харэаграфію. На той час гэта быў другі калектыў у раёне, пасля народнага тэатра, чыё майстэрства атрымала такую высокую ацэнку.

Літаральна з першых дзён існавання ансамбль распачаў вялікую канцэртную дзейнасць. Неаднаразова ўдзельнічаў у міжнародных фестывалях “Іграй, гармонь, звіняць цымбалы” ў Магілёве, “Звіняць цымбалы і гармонік” у Паставах, “Славянскі базар ў Віцебску”, “Двина, Дзвіна, Даўгава” ў Верхнядзвінску. Прымаў удзел у днях культуры Беларусі ў Смаленску, Санкт-Пецярбургу. Яму апладзіравалі на міжнародных фестывалях у Малдове, Літве і Латвіі, на Міжнародным фестывалі народнага мастацтва “Вянок дружбы” ў Бабруйску, на Рэспубліканскай выставе-кірмашы рамёстваў у Мінску. З выканаўчым майстэрствам ансамбля “Раніца” мелі магчымасць пазнаёміцца гледачы рэспубліканскага тэлебачання, калі калектыў быў галоўным героем тэлеперадачы “Вячоркі”. Што датычыцца Віцебскай вобласці, то лягчэй назваць населеныя пункты, куды “Раніца” яшчэ не даехала. Са сваімі цудоўнымі творамі, ад акадэмічнага “Матуліны рукі” Леаніда Захлеўнага да фальклорнай песні “Гуканне вясны”, ансамбль запісаў дыск, які хутка разышоўся.

Дзе б ні выступалі докшыцкія артысты, іх выканаўчае майстэрства, шчырая любоў да народнай песні на “ўра” прымаецца гледачамі. Як правіла, большасць нумароў выконваецца на “біс”, і са сцэны артыстаў адпускаюць толькі пасля абяцання, што будзе яшчэ адна сустрэча. Багатая на ўзнагароды і глядацкае прызнанне біяграфія, безумоўна, абавязана сваім існаваннем неардынарнай асобе Уладзіміра Пусташылы і самаадданай любові да песеннага народнага мастацтва людзей, якія, выбраўшы ў жыцці іншыя прафесіі, у душы засталіся артыстамі.

Несумненнай жамчужынай ансамбля на працягу многіх гадоў была вялікая спявачка, лаўрэат першай прэміі Усесаюзнага фестывалю самадзейнай творчасці працоўных Тамара Мацкевіч – салістка з непаўторным мецца-сапрана. З першых дзён заснавання калектыў упрыгожваюць Ірына Касцюк, Таццяна Мальчык, Святлана Каляга. Многія гады вернымі ансамблю застаюцца Віктар Стадольнік, Вольга Сушко, Ганна Шуміліна, Дзмітрый Марковіч, Вольга Шылкова. Пакінулі свой след у калектыве, хаця былі вымушаны пайсці з яго па розных прычынах, Ганна Захарэвіч, Наталля Будзько, Пётр Дайлідзёнак, Васіль Герасімёнак, Мая Пацехіна, Таццяна Сценнік, Уладзімір Карпінскі, Дзмітрый Чувахоў, Павел Шылкоў, Аляксандр Плыгаўка, Людміла Лаўрыновіч, Аксана Сценнік, Генадзь Тулоўскі. У “Раніцы” пачынала вядомая зараз у Расіі спявачка Марыя Логінава, якая, дарэчы, нядаўна прымала ўдзел у канцэрце на сцэне Крамлёўскага палаца з’ездаў. Да сённяшняга таленавітая пастаўчанка падтрымлівае сувязь з Уладзімірам Іванавічам і лічыць яго першым настаўнікам.

Песня без музыкі жыць не можа. Душа народная плача і смяецца ў найгрышах неаднаразовага пераможцы абласных і рэспубліканскіх конкурсаў адметнага музыканта Івана Курдзекі. Як тут не прыгадаць яшчэ аднаго музыку, які амаль да апошніх сваіх дзён не выпускаў баян з умелых рук. Віктар Касцюк – шматгадовы акампаніятар і душа калектыву. Яшчэ адна яркая зорачка, якая бясконца любіла сцэну і музычнае мастацтва, – гэта салістка ансамбля Вера Ганчарова. Сёння іх няма на гэтай зямлі, але памяць пра ўзгаданых таленавітых людзей яшчэ доўга будзе жыць у сэрцах гледачоў.

Зараз у калектыве чарговае папаўненне: Святлана Гмыза, Анатоль Стадольнік, Аксана Глінская, Святлана Калбасіч разам са старэйшымі артыстамі дораць гледачам сваё песеннае майстэрства.

У “Раніцу” людзі прыходзяць кожны сваім шляхам, але аб’ядноўвае іх адно – бязмерная любоў да прыгожай, распеўнай, вечна жывой народнай песні. У юбілей заслужанаму калектыву хочацца пажадаць доўгіх гадоў жыцця, а гэта абсалютна магчыма, калі ўлічваць вялікі талент і не менш бязмерны энтузіязм яго нязменнага кіраўніка, а таксама адданасць мастацтву людзей, якія яго акружаюць. Удзячны глядач чакае новых твораў у выкананні любімага народнага ансамбля “Раніца”. Справаздачны канцэрт калектыву адбыўся 2 снежня, у ККЗ “Іскра”.

Тамара Альшэўская.

http://www.dokshitsy.by/2018/11/dokshickij-narodnyj-ansambl-ranica-prazdnuet-30-letnij-yubilej/

Интернет-ресурсы