Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас: 211722, г.Докшыцы,
вул.Ленінская, д.31
Прыёмная:
8 (02157) 2-10-45 з 8.00 да 21.00
Факс:
8 (02157) 2-10-61
Электронная пошта райвыканкама:
rikdok@vitebsk.by

Фантан на цэнтральнай плошчы  Раённы выканаўчы камітэт Касцёл у г. Докшыцы Аўтавакзал г. Докшыцы 1
Фантан на цэнтральнай плошчы
Фантан на цэнтральнай плошчы
Раённы выканаўчы камітэт
Касцёл у г. Докшыцы
Аўтавакзал г. Докшыцы
1
Галоўная / Рэгіён / Гiсторыя

Гiсторыя

Часам нараджэння горада прынята лічыць дату, пад якой ён упершыню згадваецца ў летапісах. На жаль, гісторыя не данесла да нас дакладную дату заснавання Докшыц. Першыя звесткі пра наш горад знойдзены ў грамаце вялікага князя Вітаўта (1407 г.), дзе згадваюцца сяляне-даннікі «doxyczahe». Даннікі з Докшыц перадаваліся віленскаму ваяводзе Войцеху Манівіду.

Пасля рэформы 1565–1566 гг. землі сучаснага раёна ўвайшлі ў склад Мінскага павета.

Канец 16 ст. – пачатак 17 ст. – час значных перамен у грамадскім жыцці, узмацненне актыўнасці каталіцкай царквы. У сувязі з гэтым у 1608 годзе Станіслаў Кішка (у той перыяд уладальнік часткі Докшыцкай зямлі) заснаваў у Докшыцах драўляны касцёл. У 1682 годзе Канстанцін Станіслаў Пац заснаваў у Беразіне кляштар бернардзінцаў. Была тут і «царква руская», г. зн. праваслаўная.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у пачатку 1793 года Докшыцкая зямля аказалася ў складзе Расійскай імперыі. Замест ваяводстваў была ўтворана Мінская губерня з шэрагам паветаў, сярод якіх у маі 1793 года з'явіўся і Докшыцкі павет. У 1795 годзе Докшыцы атрымалі статус горада, а 21 студзеня 1796 года – герб. Аднак у 1797 годзе яго тэрыторыя была падзелена паміж суседнімі Барысаўскім і Вілейскім паветамі, а горад зноў стаў мястэчкам.

У час вайны 1812 года Докшыцы былі заняты французскімі войскамі, разрабаваны і часткова спалены.

К сярэдзіне 19 стагоддзя ў горадзе было 2 заводы: вінакурны і медаварны. Пасля адмены прыгоннага права ў раёне з'явіліся 3 вінакурныя, піваварны, цукровы заводы (малыя вінакурні для мясцовых патрэб). У многіх маёнтках былі пабудаваны млыны – водныя і ветраныя. Два разы на год у Докшыцах праходзілі кірмашы.

Па перапісе насельніцтва 1897 года на тэрыторыі раёна пражывала 125 725 чалавек.

Пачынаючы з 2-й паловы 19 ст. у раёне былі адкрыты 9 народных вучылішчаў (у тым ліку Докшыцкае вышэйшае раманаўскае вучылішча – 1863 г.), царкоўна-прыходскія і школы граматы. Пасля рэвалюцыі 1905–1907 гг. у Докшыцах адкрыта прыватнае аднакласнае жаночае яўрэйскае вучылішча. У гэты перыяд у раёне дзейнічаў народны прафесійны лялечны тэатр – батлейка. Пабудавана чыгуначная станцыя Сяславіна (пазней Крулеўшчына).

Першы этап мірнага савецкага пераўтварэння пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі на Докшыцкай зямлі быў вельмі кароткі. У лютым 1918 года тэрыторыя была акупіравана нямецкімі, са жніўня 1919 года – польскімі войскамі. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 года савецка-польская мяжа падзяліла раён папалам, частка яго апынулася ў Заходняй Беларусі ў складзе Вілейскага ваяводства Дзісенскага павета.

Частка раёна, што ўваходзіла ў склад БССР, 17 ліпеня 1924 года аб'ядналася ў Бягомльскі раён Барысаўскай акругі. Раён быў падзелены на 9 сельсаветаў. Першым старшынёй Бягомльскага райвыканкама стаў В. І. Грышкевіч.

На працягу 1930-х гадоў некалькі разоў мяняўся статус раёна і статус раённага цэнтра. 27 верасня 1938 года Бягомль стаў гарадскім пасёлкам, сельскі Савет рэарганізаваны ў пасялковы.

З 1 снежня 1930 года ў раёне з'явіўся першы друкаваны орган Бягомльскага РК КП(б)Б і райвыканкама газета «Калгасны змагар» (з чэрвеня 1938 года стала называцца «Савецкі патрыёт»).

Вызваленчы паход войскаў Чырвонай Арміі на Польшчу пачаўся 17 верасня 1939 года, і праз дзень ужо ўвесь наш край быў глыбока ў тыле савецкай тэрыторыі. У снежні 1939-га – студзені 1940 года побач з Бягомльскім раёнам Мінскай акругі быў утвораны Докшыцкі раён Вілейскай акругі.

У снежні 1940 года адбыліся першыя выбары ў Докшыцкі раённы Савет дэпутатаў.

У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны раён быў цалкам захоплены фашыстамі. Больш за 3,5 тысячы мясцовых жыхароў змагаліся ў радах Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадах і падпольных групах. На тэрыторыі раёна дзейнічалі 9 партызанскіх брыгад і асобных атрадаў. У снежні 1942 года Бягомльскі раён вызвалены ад захопнікаў партызанскай брыгадай «Жалязняк» і заставаўся партызанскай зонай да прыходу Савецкай Арміі.

Вайна нанесла вялікі ўрон эканоміцы раёна. Фашысты спалілі 107 вёсак, у тым ліку 3 вёскі – Шунеўка, Азярцы, Залатухі – спалілі разам з насельніцтвам. Загінула звыш 20 тысяч чалавек, або кожны трэці жыхар раёна.

2 ліпеня 1944 года раён быў вызвалены. А праз 2 дні аднавілі работу мясцовыя органы ўлады.